Навіны

Сяргей Верамеенка: У іх свая рэальнасць, у нас свая

Пратакол па пошце атрымаў Сяргей Верамеенка, сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з Гародні.

Адміністрацыйны пратакол быў сфабрыкаваны міліцыяй за тое, што ён удзельнічаў у святкаванні традыцыйнага Свіслацкага фэсту памяці паўстанцаў 1863 году. Асабліва абсурдным тут выглядае ўласнае прызнанне міліцыянтаў, якія афармлялі пратакол, што ім вядомыя святочныя намеры ўдзельнікаў. Аднак Сяргей Верамеенка не шкадуе, што на магіле Віктара Каліноўскага лунаў бел-чырвона-белы сцяг.

– Для мяне гэта якісьці паралельны свет. Калі мы жывем сваім нармальным жыццём, а гэтыя людзі ходзяць за намі, сочаць за намі, здымаюць нас на камеры, потым пішуць пратаколы, потым тэлефануюць мне і кажуць: прыходзьце, мы вас апытаем. Я адмаўляюся, спасылаюся на заканадаўства, хай яны свае пратаколы разглядаюць самі, яны маюць на гэта законнае права разглядаць, калі я адмаўляюся. Вось так яно і адбываецца. Потым прышлюць паперу мне на суд. На суд я не паеду. Бо мне няма часу ехаць на суд, няма ў мяне грошай, каб марнаваць на гэта. Яны ў сваёй рэальнасці, а мы ў сваёй.

Нагадаем, што за сёлетні „Свіслацкі фэст паўстанцаў 1863 году” ўжо аштрафаваны пяць беларускіх грамадзянаў. Цяпер вядома, што на чарзе рэпрэсіўнага „судовага канвееру” апрача Сяргея Верамеенкі засталіся  Уладзімір Хільмановіч, суд над якім мае прайсці ў Свіслачы трэцяга снежня, а таксама Мікола Салянік, старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/syargej-verameenka-u-ikh-svaya-realnasts/

29.11.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты