Навіны

80 гадоў з дня забойства Браніслава Тарашкевіча

Беларускі грамадска-палітычны і асветны дзеяч, мовазнавец, літаратуразнавец, публіцыст Браніслаў Тарашкевіч нарадзіўся 20 студзеня 1892 года ў засценку Мацюлішкі, (каля 30 км. ад Вільні) у сям’і каталіцкага селяніна. Дапамагаў бацьку на гаспадарцы, быў пастухом. У народнай вучэльні Браніслаў паказаў выдатныя вынікі. У 1906 г. памешчыца Гелена Стамброўская забрала яго да сябе і дапамагла паступіць у 3 клас 2-й Віленскай гімназіі. У 16 гадоў Браніслаў пачаў зарабляць рэпетытарствам. У гімназіі паказаў сябе добрым вучнем. Трапіў ў студэнцкія згуртаванні, адным з такіх была арганізацыя з клерыкальным кірункам “Вызваленне”. Яна дзеіла пад лозунгам: “Навука, Цнота, Айчына”на узор філаматаў. Тарашкевіч быў ў левым крыле гуртка, цікавіўся палітычнай філасофіяй і эканомікай. Тады ён самавызначыўся як беларус, перастаў хадзіць у касцёл. У час навучання ў Вільні пазнаёміўся з беларускай інтэлігенцыяй, рэдакцыяй “Нашай Нівы”.  

У жніўні 1911 г. прыняты на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Цягам чатырох гадоў вучыўся пад кіраўніцтвам вядомых мовазнаўцаў. Навуковым кіраўніком Браніслава быў акадэмік Аляксей Шахматаў. У Пецярбургу Браніслаў стварыў і ўзначаліў навукова-літаратурны гурток. Даволі блізка сышоўся з Янкам Купалам. У Пецярбургу Тарашкевіч прыхільна ставіўся да польскага нацыянальнага руху. У 1916 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта, працаваў там прыват-дацэнтам-філолагам.

У 1917 г. стаў удзельнікам і адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Быў у Мінску ў час абвяшчэння БНР. Палітычная пазіцыя на той час – хістанне паміж прызнаннем рэвалюцыі, лаяльнасцю да бальшавікоў і платформай беларускіх незалежнікаў. Актыўны дзеяч у Беларускім народным камісарыяце ў Петраградзе ў лютым 1918 г., загадчык аддзелу культуры і асветы. Выкладаў беларускую і старажытнагрэцкую мовы ў Мінскім педагагічным інстытуце. З наступам бальшавікоў з’ехаў у Вільню. У 1020 г. – загадчык беларускага сектара дэпартамента асветы Сярэдняй Літвы, з 1921 г. – дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 г. абраны паслом у польскі сойм. Тры гады старшыня Беларускага пасольскага клуба. Спрабаваў знайсці аб’яднальны вектар для польскага і беларускага народаў.

Распрацаваў праект аўтаноміі Беларусі, кансультаваўся з адвакатам Тадэвушам Урублеўскім. У лютым 1924 г. узяў удзел у стварэнні Беларуска-польскага таварыства ў Вільні, за што быў адхілены ад старшынства ў Беларускім пасольскім клубе. У 1925 г. выйшаў з БПК і заснаваў пасольскі клуб БСРГ. Стаў старшынём клубу, а пасля і створанай на яго аснове палітычнай партыі. Шчыльна зблізіўся з лідарамі КПЗБ, быў прыняты ў партыю. У студзені 1927 г. арыштаваны ўладамі Польшчы, у траўні 1928 г. засуджаны на 12 год зняволення. У 1929 г. тэрмін зменшаны да 8 гадоў, а ў траўні 1930 г. датэрмінова выйшаў з турмы. Актыўна далучыўся да камуністычнай выбарчай кампаніі ў польскі парламент, уваходзіў у клуб “Змаганне”. Жыў у Гданьску. У лютым 1931 г. арыштаваны пры спробе праехаць праз польскую тэрыторыю ў Берлін. Засуджаны да 8 год турмы. У верасні 1933 г. у выніку абмену палітвязнямі, выехаў у СССР. Працаваў загадчыкам аддзелу Польшчы і Прыбалтыкі ў маскоўскім Міжнародным аграрным інстытуце.

6 траўня 1937 г. арыштаваны. У студзені 1938 г. НКВД прыгавораны да расстрэлу. Па афіцыйнай версіі расстраляны 29 лістапада 1938 года. Леанід Маракоў выказаў версію, што яго закатавалі да смерці.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

 

29.11.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты