Навіны

Гарадзенскі актывіст Анатоль Мышкевіч супраць гарвыканкаму

У Гародні ў судзе Ленінскага раёна горада пачаліся папярэднія слуханні па справе грамадскага актывіста Анатоля Мышкевіча супраць гарвыканкама. Актывіст некалькі месяцаў таму, спасылаючыся на артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе ўсім грамадзянам права на атрыманне і захоўванне інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, звярнуўся ў гарвыканкам з прапановай трансляцыі пасяджэнняў мясцовых дэпутатаў. Гарвыканкам на прапанову напісаў адмову і цяпер актывіст дайшоў да суда.

Каментуе Анатоль Мышкевіч:

– Гарадзенскі гарвыканкам адмовіў мне ў маім законным праве атрымліваць поўную інфармацыю пра працу дзяржаўных органаў. Іх адказ я абскардзіў у аблвыканкаме, які ў сваю чаргу таксама не знайшоў ніякіх парушэнняў у адказе. Я склаў скаргу, падаў яе ў суд, у судовым парадку праходзіла апытанне асобаў, то бок заяўніка і адказчыкаў. Мы выказалі свае меркаванні па гэтай справе. Гарвыканкамам было пададзена прашэнне пра спыненне справы.

На думку актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігара Банцара, які прыйшоў на суд падтрымаць актывіста, гэты працэс прыклад таго, што беларускіх чыноўнікаў трэба прымушаць выконваць створанае імі заканадаўства:

– Такія судовыя працэсы важныя для таго, каб прымусіць чыноўнікаў усіх узроўняў выконваць тое заканадаўства, якое яны ж нам і пішуць. Няхай спачатку самі навучацца выконваць тыя законы, якія яны ствараюць. У нас дакладна сказана ў заканадаўстве, дзейнасць усіх галінаў улады з’яўляецца галоснай і адкрытай. Таму незразумелая адмова чыноўнікаў выконваць сваю працу галосна і адкрыта. Гэта наводзіць на думку, што ім ёсць што хаваць.

Папярэдняе слуханне па працэсу Анатоля Мышкевіча працягнецца 6-га снежня а 14.30 у судзе Ленінскага раёна Гародні. Працэс вядзе суддзя Казімір Сяргей.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/garadzenski-aktyvist-anatol-myshkev/

03.12.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты