Навіны

Памяці Зміцера Іваноўскага

Роўна 5 гадоў таму не стала беларускага мастака і грамадскага актывіста Зміцера Іваноўскага.

Зміцер Іваноўскі нарадзіўся  ў Гудзевічах 19 жніўня 1957 года, пачаў маляваць з самага дзяцінства. Зазнаў уплыў педагога і стваральніка тамтэйшага літаратурна-краязнаўчага музея Алеся Белакоза. Пасля сканчэння школы хацеў атрымаць мастацкую адукацыю, аднак у інстытут не паступіў. Пайшоў працаваць у “Сельгастэхніку” у Мастах, потым працаваў у Гародні на прадпрыемстве “Азот”. Цэлы час не пакідаў сваёй любімай справы – малявання.

Незалежным мастаком Іваноўскі па ўласным прызнанні стаў з 1991 года. За жыццё правёў больш 60 персанальных выставаў, напісаў больш тысячы карцін і эцюдаў. Выставы праходзілі таксама за мяжой: у Варшаве, Кракаве, Берліне, Гамбургу, Лондане, іншых гарадах Еўропы. Аўтар серыі вялікіх палотнаў “Славутыя Беларускія ваяры”, пісаў у галіне батальнага жанру, ствараў таксама нацюрморты, партрэты. Творы характарызуюцца манументальнасцю і веліччу.

Доўгі час вялікая майстэрня мастака, якую ён арандаваў у будынку па вуліцы Будзённага 48а, была прытулкам для розных грамадскіх імпрэзаў і акцый. За ўдзел у грамадскіх акцыях мастака неаднаразова затрымлівалі і засуджвалі да адміністрацыйных сутак арышту. У час аднаго з такіх зняволенняў Іваноўскі абвесціў і трымаў галадоўку.

Зміцер Іваноўскі актыўна ўдзельнічаў у адраджэнні памяці пра гарадзенскі храм Фара Вітаўта. Ідэя вялізнага памятнага крыжа на месцы зруйнаванае святыні, якую ўлады гэтак і не дазволілі ажыццявіць, належала менавіта яму. У адну з начэй разам з іншымі грамадскімі актывістамі гэты крыж быў усталяваны ў скверы. Мастак стварыў і першы макет Фары Вітаўта. 
На пачатку 2000-ых гадоў Зміцер Іваноўскі быў арганізатарам руху прадпрымальнікаў. Калі зачынялі рынкі, ён разам з прадпрымальнікамі выходзіў на плошчу, каб вымусіць улады сесці за стол перамоваў. За свае дзеянні актывіст атрымаў велізарныя штрафы ды сядзеў некалькі разоў па 15 сутак, кожны раз абвяшчаючы галадоўку.
   “Дзіма быў сапраўдным “бяссрэбрнікам, – успамінае грамадская актывістка Святлана Нех. - Ён шмат чаго аддаваў людзям, дапамагаў матэрыяльна ўсім, хто да яго звяртаўся. Ён быў светлым чалавекам, са своеасаблівым гумарам, заўсёды з усмешкай.

Напрыканцы жыцця Зміцер Іваноўскі паспрабаваў сябе і ў разьбе па дрэве, у вырабе вітражоў. Майстар ствараў ліхтары з дрэва і вітражоў, якія гэтак і не паспеў выставіць, рабіў драўляныя сталы, рамкі для сваіх мастацкіх працаў.

Самай важнай сваёй выставай Іваноўскі называў выставу ў родных Гудзевічах. Апошнія гады свайго жыцця мастак правёў у вёсцы, дзе яму вельмі падабалася. “Мастацтва – гэта маё жыццё, гэта ўсё для мяне. Я пераспрабаваў шмат у жыцці, працаваў і са скульптурай, і з графікай, але алейныя фарбы для мяне засталіся самым любімым сродкам самавыяўлення. Чым больш я працую імі, тым больш разумею, колькі яшчэ не ведаю. Імі можна перадаць усе: настрой, пачуцці, тое, што бачыш і што адчуваеш. Тут тысячы магчымасцяў! І на шчасце, няма той мяжы, да якой можна было б дайсці і спыніцца”,– казаў пра сваю працу Зміцер Іваноўскі.

Памёр Іваноўскі 5 снежня 2013 года. Пахаваны ў Гародні на могілках у Аульсе. Некаторыя яго карціны захоўваюцца ў Гудзевіцкім музеі. У верасні 2014 года ў Гародні прайшла пасмяротная выстава твораў мастака.

 

05.12.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты