Навіны

“Кожны мае права”: Правы чалавека і абавязкі

“Кожны мае права”: Правы чалавека і абавязкі

Нярэдка, асабліва ад настаўнікаў, даводзіцца чуць пра неабходнасць менш казаць дзецям пра іх правы і часцей нагадваць пра абавязкі. Многія нават кажуць, што спачатку дзіця трэба навучыць добрасумленна выконваць свае абавязкі, і толькі потым, маўляў, можна расказваць пра магчымасць рэалізацыі ім сваіх правоў. Але ці сапраўды так шчыльна звязаныя паміж сабой паняцці “абавязкі” і “правы чалавека”? Распавядаем пра гэта па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы”, у прававым лікбезе ад “Вясны”.

Што такое абавязкі ў кантэксце правоў чалавека?

Ні ў адной міжнароднай дамове мы не знойдзем пераліку абавязкаў чалавека. Абавязкі згадваюцца ў канстытуцыях большасці дэмакратычных краінаў, але і там гаворка ідзе толькі пра абавязкі грамадзяніна, якія не распаўсюджвацца на замежнікаў і асобаў без грамадзянства. Як бы дзіўна гэта ні гучала, але абавязкаў чалавека проста не існуе.

Ці мае нованароджанае дзіця абавязкі?

Вядома, не.

Чалавек бярэ іх на сябе, толькі ўступаючы ў тыя ці іншыя формы сацыяльнага ўзаемадзеяння. Мы пагаджаемся выконваць абавязкі вучня, калі пачынаем наведваць школу, бяром на сябе прафесійныя абавязкі, паступаючы на працу, пагаджаемся выконваць канстытуцыныя абавязкі, набываючы грамадзянства той ці іншай краіны.

Такім чынам, абавязкі з’яўляюцца прадуктам сацыяльнага ўзаемадеяння (дамовы або прымусу), а правы чалавека – неад’емнай часткай чалавечай прыроды, якія нараджаюцца разам з намі: дзіця, якому ўсяго некалькі хвілінаў ад роду, ужо мае такі самы комплекс правоў і свабодаў, што і кожны ці кожная з нас.

Ці ўзаемазвязаныя паміж сабой правы чалавека і абавязкі?

Непасрэднай узаемасувязі паміж імі не існуе, і сцвярджэнне аб тым, што мы можам прэтэндаваць на рэалізацыю сваіх правоў толькі ў выпадку, калі добрасумленна выконваем абавязкі, нам дасталася ў спадчыну ад савецкіх часоў і з’яўляецца глыбока памылковым. З яго лагічна вынікала тое, што ў выпадку, калі чалавек не плаціць падаткі або адмаўляецца абараняць радзіму, ён можа быць пазбаўлены шэрагу фундаментальных правоў, такіх як права свабодна выказваць свае погляды ці свабода ад катаванняў, ці права не быць адданым у рабства. І як бы асурдна гэта ні гучала, у сучасным свеце ўсё яшчэ існуюць краіны, дзе пануюць такія ўяўленні.

Ці азначае адсутнасць абавязкаў уседазволенасць для людей?

Хоць аб’ём правоў чалавека не залежыць ад выканання ім рознага кшталту абавязкаў усё гэта ў любым выпадку не азначае ўсёдазволеннасці. Сучасная канцэпцыя правоў чалавека – вельмі крохкая канструкцыя, закладам існавання якой з’яўляецца ўзаемная адказнасць і павага да правоў кожнага і кожнай.

Пра важнасць такой узаемнай павагі гаворыцца і ў тэксце Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека:

“Кожны чалавек мае абавязкі перад грамадствам, у якім толькі і магчыма свабоднае і поўнае развіццё яго асобы”.

Але, безумоўна, у сучаснай канцэпцыі правоў чалавека знойдзецца годнае месца і для паняцця “абавязкі” – рэалізацыя ўсяго комплексу правоў чалавека з’яўляецца прамым абавязкам дзяржавы.

І ўсё ж, якія абавязкі замацаваныя для беларусаў у Канстытуцыі?

У другой частцы другога артыкула Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адзначаецца:

“Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. Грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй”.

Згодна з Канстытуцыяй кожны абавязаны:

  • выконваць Канстытуцыю, законы i паважаць нацыянальныя традыцыi (арт. 52);
  • паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб (арт. 53);
  • берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці (арт. 54);
  • ахоўваць прыроднае асяроддзе (арт. 55);
  • прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў (арт. 56);
  • абараняць Рэспубліку Беларусь (арт. 57);
  • Бацькi або асобы, якiя iх замяняюць, маюць права i абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні.

Дзеці абавязаны клапаціцца пра бацькоў, а таксама пра асоб, якiя iх замяняюць, і аказваць ім дапамогу (арт. 32).

Цікава, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыi Беларусi карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь (арт. 11)

Варта адзначыць і артыкул 58, дзе замацавана:

“Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якiя не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў”.

Чытайце таксама пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасцьПрынцыпы правоў чалавекаСалідарнасцьНедыскрымінацыю, Абмежаванні, Свабоду ад катаванняў, Права на жыццёСмяротнае пакаранне ў Беларусі, Вяршэнства праваПрыватнасць, Свабоду сумлення і веравызнанняСвабоду выказвання меркавання, Свабоду і асабістую недатыкальнасцьСвабода мірных сходаў і асацыяцый.


Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.

http://spring96.org/be/news/91636

Відэа

праваабарончыя сайты