Родныя і блізкія, асуджаных па некаторых рэзанансных крымінальных справах, запатрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі.
Разам з прадстаўнікамі грамадскасці, актывістамі “Еўрапейскай Беларусі” і Форуму “Свабода палітвязням” раніцай 18 снежня яны прыйшлі да будынку ДВП на вуліцу Брылеўскую, каб перадаць кіраўніцтву дэпартамента свой калектыўны зварот.
Маці Тараса Аватарава, Іллі Валовіка і некаторых іншых перажываюць за жыццё сваіх дзяцей і вельмі занепакоеныя тымі жорсткімі ўмовамі ўтрымання, у якіх яны адбываюць пакаранне.
У 10 гадзін раніцы каля будынку ДВП сабраліся маці Тараса Аватарава Людміла Поспіх, бацька Расціслава Светчыкава, актывісты Максім Вінярскі, Вольга Нікалайчык і некаторыя іншыя.
Людміла Поспіх паведаміла журналістам, што сваякі збіраюцца пісаць зварот аб патрабаванні спыніць катаванні ў дачыненні да асуджаных і наладзіць сістэму назірання ў калоніях з удзелам міжнародных структураў, каб спыніць бязмежжа адміністрацыі пенітэнцыярных устаноў.
"Здзекі і катаванні над беларускімі грамадзянамі, якія знаходзяцца за кратамі ў беларускіх турмах, перайшлі ўсе межы. Сёння прадстаўнікі беларускай грамадскасці, розных рухаў і плыняў, мусяць стаць на бок гэтых мацярок, гэтых бацькоў, каб разам прадухіліць пагрозы жыццю і Тарасу Аватараву, і Міхаілу Жамчужнаму, і многім іншым. Мы падрыхтавалі калектыўны зварот ад грамадскасці, творчай інтэлігенцыі Беларусі, ветэранаў працы, былых вайскоўцаў, актывістаў, каб урэшце спыніць здекі і катаванні ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі," - заявіла Вольга Нікалайчык.
Супрацоўнікі Дэпартамента папярэджваюць, што будынак з’яўляецца рэжымным аб’ектам і здымаць нельга. Адганяюць актывістаў разам з супрацоўнікам АМАПу.
Супрацоўнікі Дэпартамента выклікалі нарад міліцыі, а бацькоў асуджаных і некалькі журналістаў прапусцілі ў памяшканне для перадачы петыцыі.
Супрацоўнік Кастрычніцкага РУУС паведаміў, што што іх выклікалі да Дэпартамента на ахову грамадскага парадку. Размова пра несанкцыянаваны сход не ідзе.
http://spring96.org/be/news/91651