Навіны

Сенсацыі не здарылася: абласны суд не задаволіў скаргу Аляксандра Горбача

Беспрэцэндэнтна доўга для гораду над Нёманам доўжыўся разгляд касацыйнай скаргі жыхара Гародні Аляксандра Горбача ў абласным судзе. Аднак у выніку сенсацыі не здарылася. Адміністрацыйная справа Аляксандра Горбача датычыць яго даўніх перапостаў у сацыяльнай сетцы ВКонтакте. 

Разгляд скаргі на штраф суда Кастрычніцкага раёна суддзя абласнога суда Васіль Скок пачаў яшчэ ў чацвер 20 снежня. Паўгадзіны ён разглядаў матэрыялы справы, задаваў Горбачу пытанні па скарзе. Потым суддзя абвесціў перапынак і ажно цэлую гадзіну (!) раіўся ў асобным пакоі. У выніку ж абвешчанне свайго рашэння ён перанёс на наступны дзень.

21 снежня, у пятніцу, Васіль Скок абвесціў сваю пастанову: рашэнне суда Кастрычніцкага раёну пакінута ў сіле. Адзінае, што зрабіў суддзя - выключыў з пастановы раённага суда ілжывае сцверджанне, што Горбач размяшчаў у інтэрнэце ў сваім акаўнце ў ліку іншага абрэвіятуру СЛОН. Гэты момант быў абсалютна сфальшаваны ў пратаколе і чамусці падтрыманы суддзём Кастрычніцкага раёну Валерыем Шпакам

Напомнім, што 20 лістапада суддзя Валерый Шпак аштрафаваў Горбача паводле арт. 17.10 - на 5 базавых велічынь, паводле арт. 17.11, частка 2 - на 25 базавых.

Паводле першага эпізоду адміністрацыйнай справы Горбач прызнаны вінаватым у размяшчэнні малюнка з фашыстоўскай сімволікай. Аднак, насамрэч Аляксандр ведамы ў горадзе як перакананы антыфашыст - свастыка на тым малюнку выкідваецца якраз у сметніцу і гэта яскрава пацвярджае антыфашыстоўскія погляды Горбача. Суддзя абласнога суда Скок таксама адмовіўся разглядаць гэтую выяву ў кантэксце ўсяго малюнку і перапосту Горбача.

Іншыя эпізоды размяшчэння на ўласнай старонцы Горбача ў сацсетцы ВКонтакте датычаць фотаздымкаў і абрэвіятур, якія таксама ніяк не могуць лічыцца экстрэмісцкімі. Уся адміністрацыйная справа Аляксандра Горбача мае абсурдны з юрыдычнага гледзішча характар.

 

21.12.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты