Навіны

Карысць з нацыянальных традыцый

Квіток з Гародні да Беластоку я ўзяў у сераду. Гэта таму, што ехаць збіраўся ў пятніцу. Хто час ад часу ездзіць у Беласток з Гародні, мяне зразумее. Для іншых патлумачу, што ў пятніцу набыць квіток непасрэдна на пятніцу бывае праблематычна. Вельмі шмат суайчыннікаў жадаюць наведаць суседнюю дзяржаву менавіта ў гэты дзень. Ну і ў суботу, канешне ж, калі ў многіх беларусаў афіцыйны выходны. А вось нядзеля, таксама выходны, выпадае з графіку беларускага вандроўніка, які мае візу з ганаровай назвай “па закупы”. З нядаўніх часоў нядзеля стала непрацоўным днём у месцах масавага адпачынку беларусаў у Польшчы, гэта значыць у супер і гіпер і проста маркетах. То чаго туды ездзіць у нядзелю з такой візай? Могуць і завярнуць.

А паколькі я назад збіраўся акурат у нядзелю, таму зваротнага квітка адразу не набыў. Ну навошта сябе прывязваць да канкрэтнага часу, калі ў нядзелю аўтобусы з Беластоку ў Гародню і так пустыя ездзяць. Маркеты ж не працуюць. Вазьму ў кожную хвіліну, думаю.

Ды як толькі сеў у мікрааўтобус, адразу пашкадаваў пра сваю неабачлівасць. Мае суайчыннікі высмеялі мяне за маю непрактычную недасведчанасць ды паведамілі, што акурат гэтая нядзеля у беластоцкіх маркетах будзе працоўная, і усе мае спадарожнікі ўжо маюць квіткі на нядзелю і туды, і назад. А неабачлівым можа і не хапіць. Вось так.

Спачатку я ажно адчуў сябе няёмка. Ну як жа так! Я кожны дзень сяджу ў інтэрнэце, цікаўлюся навінамі, ды нават і ў гэты час падарожжа ў левай кішэні маёй камізэлькі ляжыць журналісцкае пасведчанне. Нават два. Адно з самога Брусэлю, другое з таго Беластоку, пра працоўную нядзелю маркетаў якога толькі я і не ведаў. А кожная бабуля з мікрааўтобусу, і з таго дзе ехаў я, і з тых, дзе мяне не было, была добра пра тое інфармаваная. Пачуццё прафесійнага гонару стала мяне штурхаць на пошук адказу на гэтае заблытанае пытанне. І супакоіла мяне толькі пасля таго, як я высветліў, што ў большасці тых бабулек інтэрнэт у іх мабільных прыладах напрамую настроены на беластоцкую “Галерэю Бяла”, ці які іншы здаравенны будынак з разнастайным таварам, на якім пачэпленыя бірачкі з магічным словам “Прамоцыя”. Пра іншыя функцыі інтэрнэту уладальнікі тых мабільных прылад калі і здагадваліся, то лічылі іх не асабліва патрэбнымі.

У нядзелю квіток для мяне ўсё ж знайшоўся. Праўда не адразу, не на бліжэйшы транспарт, а праз некалькі гадзін, што дазволіла аднаму беластоцкаму бару з прыгожай алкагольнай вітрынай папоўніць сваю касу некалькімі дзесяткамі златовак і з маёй кішэні. А ў мікрааўтобус спачатку загрузілі тавар, а пасля убачыўшы, што засталося месца для пасажыраў, пусцілі і людзей. Людзі паставіліся да гэтага з паважным разуменнем, тым больш, што тавар належаў ім і быў непасрэдным сэнсам гэтай паездкі.

– Чаму такі ажыятаж? – Пытаюся.

– Таму што пасля Новага году нашы зноў абмяжоўваюць увоз тавару, – тлумачаць мне суайчыннікі, паглядаючы як на недасведчанага дурня што ці з месяца зваліўся, ці не быў у Беларусі ўжо гадоў так пад дваццаць.

– Гэта кожны Новы год так, – даводзіць да мяне яшчэ адна жанчына інтэлігентнага выгляду. – Тут і да бабкі хадзіць не трэба, і ў ваду глядзець не варта, і ў інтэрнэт таксама, каб пра тое даведацца. Гэта ўжо такая навагодняя беларуская традыцыя стала. На наступны год яшчэ што будзе прыдуманае.

– І што за карысць вам ад гэтых закупаў? – Умешваецца ў размову сталага веку стомлены шафёр “Бусіка”. – Купляеце ўсё без разбору. Яшчэ з склада тавар на цялежках не паспяваюць вывезці, а вы ўжо крычыце: “Маё!!!” Нават не глядзіце што там.

– Што б там не было, усядно спатрэбіцца, – кажа пажылы мужчына з заклапочаным тварам. – Не нам спатрэбіцца, дык дзецям дастанецца. Усядно лепш, чым гэтыя грошы прапіць. Ну што б мы рабілі сёння, каб па тавар не паехалі. Прапілі бы гэтыя грошы. А так усе цвярозыя, міла паглядзець.

Пры гэтых словах я ўцягнуў галаву ў плечы і больш не адзываўся. Ну і сапраўды, аказваецца ёсць непасрэдная карысць для сямейнага бюджэту з гэтых паездак. Напраўду ўсе вакол мяне былі абсалютна цвярозыя. Пра сябе то я не гавару. Але ж у мяне віза не “па закупы”, як у іншых, а “культурніцкая”. Так што я мусіў неяк выдзяляцца.

Віктар Сазонаў


23.12.2018

Відэа

праваабарончыя сайты