Навіны

У Смаргоні Генадзь Давыдзька пачаў выбарчую кампанію-2019

Як паведамляе Смаргонская дзяржаўная газета “Светлы шлях” у нумары за 21 снежня 2018 г., старшыня РГА “Белая Русь” Генадзь Давыдзька здзейсніў інфармацыйна-прапагандысцкі візіт у Смаргонь. Тут ён разам з актывам са Смаргонскага і трох суседніх раёнаў наведаў школу мастацтваў і хлебазавод.
У выступах ён адзначыў, што для членаў арганізацыі не павінна быць  невырашальных праблем, бо яе прадстаўнікі ў органах улады, узначальваюць навучальныя ўстановы і дзяржаўныя прадпрыемствы. У гэтым звязку таксама сілавыя структуры, з якімі іх звязвае моцная дружба. І задаў рытарычнае пытанне: - “Няўжо, маючы такі патэнцыял, ёсць праблемы, якія мы не здольныя вырашыць?”.

Аднак хацелася б, каб гэты патэнцыял з такім жа поспехам выкарыстоўваўся не толькі на карысць членаў “Белай Русі”, але і Беларусі.

Насамрэч так здарылася, што Генадзь Давыдзька ў Смаргоні фактычна даў старт перадвыбарчай кампаніі-2019, крытыкуючы апанентаў ўлады. Ён заклікаў прысутных быць разважлівымі ў сваім выбары, бо ні адзін з кандыдатаў-апанентаў на мінулых выбарах нічога ўцямнага людзям не прапанаваў: акрамя лозунгаў, у іх перадвыбарчых праграмах, маўляў, нічога не было.

Вось з такім настроем РГА “Белая Русь”, члены якой, як паказвае практыка, будуць найбольш масава прадстаўлены ў выбарчых камісіях, сустракае год  выбараў.

24.12.2018

Відэа

праваабарончыя сайты