Навіны

Сяргея Верамеенку пакаралі штрафам

Чарговае пакаранне за ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863-64-гг. атрымаў гарадзенскі актывіст Сяргей Верамеенка. Па пошце з Свіслацкага раённага суда яму прыйшла копія пастановы гэтага суда, дзе паведамляецца, што Сяргей Верамеенка прызнаецца вінаватым у парушэнні часткі 1 артыкула 23.34 КоАП Рэспублікі Беларусь і падвяргаецца пакаранню штрафам на 15 базавых велічынь, што складае 367,5 рублёў. Карную пастанову аформіла суддзя Жана Салагубік.

Сам актывіст на суд не ездзіў, бо як паказалі папярэднія працэсы па гэтай справе, аніякія довады і аргументы з боку тых, хто прыйшоў ушанаваць памяць герояў палеглых за беларускую ідэю, судом не ўспрымаюцца. Разглядала справу верамеенкі ужо вядомая па гэтых справах суддзя Жана Салагубік.

Напомнім, што старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін раней аштрафаваў на вялізныя сумы грамадскіх актывістаў: свіслацкіх Юры Глебіка (25 базавых велічынь) і Віктара Пяцельчыца (10 базавых), гарадзенцаў Віктара Сазонава (15 базавых), Ігара Банцара (15 базавых) і Ежы Грыгенчу (20 базавых). А суддзя Жана Салагубік засудзіла Уладзіміра Хільмановіча да 15 базавых штрафу і Мікалая Саляніка да 25 базавых. 

Нагадаем, што 27-га кастрычніка ў Свіслачы прайшоў традыцыйны фэст “Дзень памяці паўстанцаў 1863 года”. 

Прыехала некалькі дзясяткаў удзельнікаў, акцыю фатаграфавалі і здымалі на відэа шматлікія асобы ў цывільным.

У дванаццаць гадзін усе сабраліся, людзей прыехала няшмат – некалькі дзясяткаў. Было вельмі шмат cцягоў. А дванаццатай гадзіне людзі пайшлі ад касцёла на могілкі да магілы Віктара Каліноўскага, дзе Уладзімір Хільмановіч і Юрась Глебік расказалі гісторыю помніка. Пасля гэтага праз усю Свіслач людзі са сцягамі пайшлі да помніка Кастусю Каліноўскаму, Рамуальду Траўгуту ды будынка Свіслацкай гімназіі.

Удзельнікі фэста наведалі магілу Віктара Каліноўскага, усклалі кветкі і паставілі знічы да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту.

Была вельмі цікавая рэакцыя мясцовых людзей, якія з усіх бакоў здымалі гэта ўсё на мабільныя тэлефоны. Гэтая калона машын, гэтыя людзі суправаджаліся супрацоўнікамі ў цывільным, якія здымалі на відэакамеры.

Затым удзельнікі фэста памяці паўстанцаў Каліноўскага накіраваліся ў Якушоўку, дзе знаходзілася сядзіба сям’і Каліноўскіх, зараз стаіць памятны крыж. Сёлета адзначаецца 155-ая гадавіна з часу пачатку паўстання, лідарам якога на нашых землях быў Кастусь Каліноўскі.

28.12.2018

Відэа

праваабарончыя сайты