Навіны

Суд часткова задаволіў іск бізнесмена Зайдэса да газеты „Новы час”

Суд Савецкага раёну Менска часткова задаволіў пазоў бізнесмена, саўладальніка рэстараннага комплексу „Поедем поедим” Леаніда Зайдэса да выдавецкага унітарнага прадпрыемства „Время новостей”, якое выдае газету „Новы Час” і журналіста Дзяніса Івашына. Комплекс „Поедем поедим”  пабудаваны ў былой ахоўнай зоне мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Працэс правяла  суддзя Вераніка Абрамовіч, якая раней адмовіла ў падобным пазове аднаму з бізнесменаў, датычнаму да гэтай жа ўстановы – Аркадзю Ізраілевічу. Зараз жа рашэнне, хаця і часткова, было не на карысць журналістаў.

Кажа журналіст Дзяніс Івашын:

– Я думаю, што варта падаваць касацыйную скаргу. Бо падчас суду было пацверджана, што не маюць пад сабой ніякага грунту ўсе гэтыя абвінавачванні з боку Леаніда Зайдэса пра сапсаванне яго дзелавой рэпутацыі, гонару і годнасці. Бо менавіта ягоныя дзеянні як уласніка кампаній, якія здзяйснялі будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў і спрычыніліся да сапсавання ягонай дзелавой рэпутацыі. І таксама тое, што адбывалася цягам апошніх сямі месяцаў у сумнавядомым “кабаку на костках” – а менавіта правядзенне і карпаратываў, і салютаў, феерверкаў ля чалавечага могільніка, дзе расстраляныя дзясяткі тысячаў ахвяраў сталінскага рэжыму. Вось менавіта гэта ўсё і спрычынілася да сапсавання дзелавой рэпутацыі Зайдэса.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * * 

Суд Савецкага раёна Менска часткова задаволіў іск бізнесмена Леаніда Зайдэса да выдавецкага ўнітарнага прадпрыемства „Час навін”, якое выпускае недзяржаўную газету „Новы час”. Такое рашэнне 28 снежня прыняла суддзя Вераніка Абрамовіч.

Суд прызнаў несапраўднай і ганебнай інфармацыю, апублікаваную ў каментарах да відэарэпартажу, размешчанага на сайце газеты 19 ліпеня гэтага года. У каментарах гаворыцца, што ў дачыненні да Зайдэса ва Украіне пачатая крымінальная справа. Суд палічыў, што адказчык не здолеў даказаць дакладнасць гэтай інфармацыі.

Суддзя пастанавіла спагнаць з „Часу навінаў” кампенсацыю маральнай шкоды на карысць Зайдэса ў 700 рублёў. Варта адзначыць, што бізнесмен прасіў суд спагнаць з выдання 5.000 рублёў.

Адказчыку таксама прадпісана кампенсаваць дзяржпошліну на 147 рублёў і расходы Зайдэса на юрыдычную дапамогу — 1.250 рублёў. Агульная сума, якую павінен выплаціць выдавец „Новага часу”, — 2.097 рублёў.

Суд адмовіў у задавальненні часткі іску, у якой Зайдэс прасіў прызнаць непраўдзівай і ганебнай інфармацыю, змешчаную ў артыкуле пазаштатнага карэспандэнта „Новага часу” Дзяніса Івашына ад 13 чэрвеня гэтага года. Зайдэс прасіў абвяржэння фразы ў гэтым артыкуле: „Астатнімі партнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, наўпрост датычнымі да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было адзначана вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthron Realty LLC і Bealcy Investments Ltd”.

Суд прыйшоў да высновы, што ў гэтай фразе гаворка ідзе пра „незаконнае будаўніцтва” партнёрамі-кампаніямі, а не бізнесменам. Таму яго інтарэсы не закранутыя. Зайдэс у гэтай частцы іску прасіў суд спагнаць з аўтара артыкула 3.000 рублёў.

На судовыя пасяджэнні 27 і 28 снежня ісцец не з’явіўся. Яго прадстаўнік адвакат Яўгенія Патапава паведаміла БелаПАН, што да атрымання матывавальнай часткі рашэння суда не гатовая сказаць, ці будзе яе давернік абскарджваць рашэнне.

Леанід Зайдэс — саўладальнік рэстарана „Поедем поедим”, які пабудаваны побач з месцам масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. З 31 мая каля рэстарана праходзяць акцыі супраць яго працы.

Раней на „Новы час” у суд падаў іск бізнесмен Аркадзь Ізраілевіча ў сувязі з публікацыямі артыкулаў аб будаўніцтве рэстарана „Поедем поедим”. Ён патрабаваў у якасці кампенсацыі ад газеты 40 тысяч рублёў і яшчэ тысячу — ад аўтара матэрыялаў Дзяніса Івашына. Іск задаволены не быў. Той працэс таксама вяла суддзя Абрамовіч.

***

У судзе Савецкага раёна Менска 27 снежня пачаўся разгляд іску бізнесмена Леаніда Зайдэса да недзяржаўнай газеты „Новы Час” і яе пазаштатнага карэспандэнта Дзяніса Івашына. Працэс вядзе суддзя Вераніка Абрамовіч.

У іску Зайдэс выклаў прэтэнзіі адносна інфармацыі, размешчанай на сайце газеты 13 чэрвеня 2018 года, — гаворка ішла аб незаконнасці будаўніцтва рэстарана „Поедем поедим” каля ўрочышча Курапаты. Бізнесмен таксама ўказаў, што 19 ліпеня 2018 года на сайце „Новага часу” быў апублікаваны відэарэпартаж Івашына, у каментарах да якога газета падала не адпаведныя рэчаіснасці звесткі пра Зайдэса, у прыватнасці пра тое, што ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа ва Украіне.

У якасці кампенсацыі шкоды дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнага ўрону Зайдэс патрабуе 8 тыс. рублёў: непасрэдна ад газеты — 5 тыс. рублёў, ад Івашына — 3 тыс.

На судовае пасяджэнне 27 снежня ісцец не з’явіўся.

Леанід Зайдэс — саўладальнік рэстарана „Поедем поедим”, які пабудаваны побач з месцам масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. З 31 мая каля рэстарана праходзяць акцыі супраць яго працы.

Раней на „Новы час” у суд падаў іск бізнесмен Аркадзь Ізраілевіч у сувязі з публікацыямі артыкулаў аб будаўніцтве рэстарана „Поедем поедим”. Ён патрабаваў у якасці кампенсацыі ад газеты 40 тысяч рублёў і яшчэ тысячу — ад аўтара матэрыялаў Дзяніса Івашына. Іск задаволены не быў. Той працэс таксама вяла суддзя Абрамовіч.

belapan.by

Фота novychas.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/u-mensku-prakhodzits-pratses-pa-isku-zaj/

28.12.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Чэрвень 2020
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Відэа

праваабарончыя сайты