Навіны

На сваіх рэсурсах заявы грамадзян Гарадзенскі гарвыканкам размяшчаць не будзе

Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў атрымаў адказ з Гарадзенскага гарвыканкаму на пададзеную 10-га снежня заяву “Аб неабходнасці ўнясення зменаў у рашэньне ад 19.10.2011. №540”, якое вызначае месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Тады праваабаронца, дзеючы ў межах рэспубліканскай кампаніі за рэалізацыю грамадзянамі Рэспублікі Беларусь свайго канстытуцыйнага права на мірныя сходы, зрабіў прапановы ў Гарадзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, каб былі ўнесеныя змены ў рашэнне гэтага органу ад 19.10.2011 г. Гарадзенскі праваабаронца звяртаў увагу на тое, што ў Гародні мала вызначаных месцаў для правядзення грамадзянамі масавых мерапрыемстваў і гэтыя месцы нязручныя. Таксама была ўнесеная прапанова адмяніць аплату за паслугі міліцыі, медыцынскага абслугоўвання і ЖКГ, якую з падаўцоў заявак патрабуюць пры падачы гэтых заявак, яшчэ да таго, калі будзе вядома дазволенае мерапрыемства ці не.

І як важны элемент, для таго каб грамадзяне гораду арыентаваліся ці дазволенае ўладамі мерапрыемства, ці не, і каб гарадзенцы мелі мажлівасць сачыць за інфармацыяй пра масавыя мерапрыемствы, Віктар Сазонаў прапанаваў падобныя заяўкі, а таксама дазвол на масавае мерапрыемства або адмову, друкаваць на сайце гарвыканкаму.

Адказ гарвыканкаму, на думку праваабаронцы, можна назваць адпіскай. Яна падаецца ніжэй у сканаваным варыянце, і кожны зацікаўлены грамадзянін можа яе прачытаць і зрабіць свае высновы. На думку ж праваабаронцы, адзінай зразумелай там фармулёўкай ёсць тое, што гарвыканкам не збіраецца на сваіх інтэрнэт-рэсурсах інфармаваць грамадзян гораду пра падачу заявак на правядзенне масавага мерапрыемства, а таксама пра тое, дазволенае яно ці не.

29.12.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты