Навіны

Каляндар Гарадзеншчыны на студзень

Каляндар памятных і круглых датаў Гарадзеншчыны на студзень 2019 году

1 студзеня

115 гадоў таму (1904) – У маёнтку Крыкалы (Пастаўскі р-н) нарадзіўся Мечыслаў Багаткевіч, каталіцкі рэлігійны дзеяч. Расстраляны гестапаўцамі, пазьней беатыфікаваны. Вучыўся ў Наваградзкай духоўнай семінарыі.

3 студзеня

330 гадоў таму (1689) – Памёр Юры Юзаф Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Валодаў Карэлічамі, Смаргоньню.

4 студзеня

290 гадоў таму (1729) – У маёнтку Ясянец (Баранавіцкі р-н) нарадзіўся Яўхім Храптовіч, грамадзка-палітычны, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, магнат, публіцыст, паэт, перакладнік. Меў сядзібу ў Шчорсах.

6 студзеня

105 гадоў таму (1914) – У Віцебску нарадзіўся Тодар Лебяда (сапр. Шырокаў, пам. у пач. 1970 у Разанскай вобл., пахаваны ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага р-ну, Расея), беларускі літаратар, дысідэнт, вязень ГУЛАГу. У 1960-61 жыў і працаваў у Слоніме.

7 студзеня

Каляды (Раство Хрыстова) па юльянскім праваслаўным календары.

100 гадоў таму (1919) – Памёр Язэп Фарботка, беларускі каталіцкі сьвятар. Пахаваны ў мястэчку Каменка (Шчучынскі р-н), дзе служыў пробашчам.

8 студзеня

125 гадоў таму (1894) – У г. Здунска Воля (Польшча) нарадзіўся Максіміліян Кольбэ, рымска-каталіцкі дзеяч, Сьвяты каталіцкай царквы. У 1922-27 служыў у Гарадзенскім кляштары францішканцаў.

10 студзеня

15 гадоў таму (2004) – У Паўладары (Казахстан) памёр Алесь Усюкевіч (нар. у лютым 1925 у в. Хадасы, Наваградзкі р-н), беларускі настаўнік, адзін з кіраўнікоў Саюзу Вызваленьня Беларусі ў Наваградку, вязень савецкіх турмаў.

11 студзеня

155 гадоў таму (1864) – У Вільні расстраляны Цітус Далеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64. Нараджэнец фальв. Кункулка (Лідзкі пав.).

12 студзеня

15 гадоў таму (2004) – У Лідзе памёр Аляксей Логвін, адзін з стваральнікаў моладзевай падпольнай антысталінскай арганізацыі, вязень ГУЛАГу. Нараджэнец в. Збляны (Лідзкі р-н).

14 студзеня

125 гадоў таму (1894) – У мяст. Трабы (Івейскі р-н) нарадзіўся Пётр Юргялевіч, беларускі мовазнавец, педагог, вязень савецкіх канцлягероў.

16 студзеня

100 гадоў таму (1919) – У Гародні арганізаваны беларускі клюб “Наша хатка”.

18 студзеня

135 гадоў таму (1884) – У в. Каранды (Смургонскі р-н) нарадзіўся Адам Лісоўскі, беларускі рэлігійны дзеяч, каталіцкі сьвятар.

19 студзеня

75 гадоў таму (1944) – Каля Беластоку польскімі падпольнікамі жорстка закатаваны Мікола Чарнецкі, беларускі публіцыст, педагог, грамадзкі дзеяч. Нараджэнец в. Малыя Азяранкі (Ваўкавыскі р-н).

23 студзеня

130 гадоў таму (1889) – У Чылі памёр Ігнат Дамэйка, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху, філамат, геолаг, мінеролаг, нацыянальны герой Чылі. Нараджэнец маёнтку Мядзьведка (Карэліцкі р-н). З 1884 па 1888 жыў у майнтку Жыбартоўшчына (Дзятлаўскі р-н).

24 студзеня

115 гадоў таму (1904) – У в. Шутавічы (Смургонскі р-н) нарадзіўся Янка Шутовіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, выдавец, літаратуразнавец, вязень савецкіх канцлягероў.

110 гадоў таму (1909) – У в. Зачэпічы (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Пятрусь Граніт (сапр. Іван Івашэвіч), беларускі паэт, педагог. Вучыўся ў Бяліцы (Лідзкі р-н).

25 студзеня

215 гадоў таму (1804) – У в. Гяйстуны (Ашмянскі р-н) нарадзіўся Антон Адынец, паэт, філамат, перакладнік, выдавец.

75 гадоў таму (1944) – У Слоніме памёр Антон Карніцкі, беларускі мастак. Пахаваны ў Слоніме.

29 студзеня

135 гадоў таму (1884) – У Шаўлях (цяпер Летува) нарадзіўся Антон Луцкевіч (ці 30-га студз.), беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, гісторык, публіцыст, старшыня ўраду БНР. Пэўны час жыў у Гародні, калі там працавала рада БНР.

 

 

01.01.2019

праваабарончыя сайты