Навіны

Зянон Пазьняк: Масква прымусіць кліента зрабіць тое, што захоча

Вайна на ўсходзе Украіны ідзе амаль 5 гадоў, а Расея ўсё больш уцягвае ў канфлікт Беларусь. Як могуць выглядаць падзеі ў 2019 годзе і ці можа ўратаваць краіну рэжым Лукашэнкі?

Кажа старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк:

– Цяжка Украіну ў нечым абвінавачваць, я дык лічу, што яна сябе паводзіць проста гераічна, стойка. Усё трымаецца на народзе, на людзях. Больш вінавата міжнародная супольнасць і асабліва Еўропа, якая недаацэньвае небяспеку, якая ўзнікла ва Украіне. Дзякуй Богу трошкі Злучаныя Штаты дапамаглі ўкраінцам, украінскаму войску станавіцца на ногі – гэта важна. Я таксама не быў бы тут такім катэгарычным абвінавачваючы Украіну.

РР: Беларусь рукамі Лукашэнкі гандлюе зброяй з Азербайджанам, што ўжо выклікала ўнутры АДКБ канфлікт з Арменіяй. Ясна, што АДКБ кіруе Расея. Што на вашу думку можа прадпрыняць Расея ў 2019? Ці будзе спроба ўцягнуць Беларусь у канфлікт з Украінай?

– Яна пастаянна існуе, бо для Расеі гэта зручна, гэта выгадна. Гэта апрыёры вядома, што Расеі зручна ўсюды ўцягнуць Беларусь, і на Каўказ, і ў Сірыі, яны ж хацелі, каб прызналі захоп Асетыі, таму гэта палітыка будзе працягвацца. Іншая справа, што тут усё ж такі ёсць разуменне, што гэта вельмі небяспечна асабіста для начальніка, для ўсяго кіруючага класа і краіны. Нейкае вялае супраціўленне будзе весціся з боку гэтых рэжымных уладаў, але паўтараю вялае, бо яно не аснована на нацыянальных інтарэсах. Яно аснована на інтарэсах асабістай улады, а яны цалкам залежныя ад Пуціна, ад яго крэдытаў і гэтак далей. Няма ніякай міжнароднай падтрымкі, таму калі пытанне ўзнікне вельмі востра, то Масква проста прымусіць кліента зрабіць тое, што яна захоча. Вось у гэтым небяспека для нас усіх – для беларускага народа.

РР: Пытанне базы НАТА ў Польшчы з рознай вастрынёй паўстае. Як вы мяркуеце, ці патрэбная гэта база? Ці будзе канфрантацыя з Расеяй у сувязі з гэтым?

– Пытанне вельмі складанае, каб даць адназначны адказ. У нашых беларускіх інтарэсах лепш, каб гэтай базы там не было. У польскіх інтарэсах яна патрэбна. Тут вельмі цяжка сказаць, як сябе паводзіць у гэтай сітуацыі. Там жа яшчэ нічога не вырашана, але канешне нам лепей, каб гэта пытанне неяк зацягнулася. Тады магла б узнікнуць новая сітуацыя таму, што калі мы робім нейкі прагноз, мы ніколі не можам дакладна сказаць, што будзе, калі будзем арыентавацца толькі на тэндэнцыях і працэсах, якія ёсць, якія склаліся. Мы не ведаем, што на працягу часу ўзнікне. Могуць узнікнуць такія тэндэнцыі, якія ўвогуле ўсё мяняюць.

З Зянонам Пазьняком гутарыў наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/zyanon-paznyak-maskva-prymusits-klien/

03.01.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты