Навіны

Ігар Банцар будзе абскарджваць судовыя рашэнні далей

У гарадзенскім абласным судзе 3-га студзеня адбыўся разгляд касацыйнай скаргі Ігара Банцара на рашэнне Свіслацкага раённага суда, дзе гарадзенскага актывіста пакаралі 15-цю базавымі велічынямі. Разгляд вёў суддзя Андрэй Ліхач.

Ігар Банцар сваю абарону паставіў перш за ўсё на тым, што калі ён 27-га кастрычніка мінулага году ўскладаў кветкі да магілы Віктара Каліноўскага і прысутнічаў ля іншых памятных мясцін, аніводзін супрацоўнік міліцыі не зрабіў яму заўвагу, што яго дзеянні незаконныя. Зыходзячы з заканадаўства, калі б у яго дзеяннях былі б правапарушэнні, то міліцыянты былі б абавязаныя папярэдзіць яго і не даць працягваць рабіць іх далей. Таму актывіст паставіў суд перад дылемай, ці суд прызнае яго невінаватым, ці прызнае вінаватымі супрацоўнікаў міліцыі, якія не выканалі свае абавязкі.

У дадатак Ігар Банцар назваў абсурдам узгадняць ускладанне кветак на могілках з уладамі і заявіў, што ні прысутны тут суддзя, ні прысутныя ў Свіслачы міліцыянты як ідуць на могілкі да сваіх блізкіх ні ў каго дазволу не просяць. Гэтак жа сама нелагічным ён лічыць прасіць дазвол каб ускласці кветкі да афіцыйна ўсталяванага помніку.

Суд прадказальна пакінуў у сіле рашэнне Свіслацкага суда. А актывіст заявіў, што будзе абскарджваць гэтае рашэнне далей, ва ўсе мажлівыя ўстановы.

03.01.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты