Навіны

Мікалая Саляніка зноў аштрафавалі

3 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні прайшоў чарговы адміністрацыйны працэс у дачыненні да старшыні гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалая Саляніка. Пачынаючы са жніўня 2018 году гэта ўжо шосты (!) суд у дачыненні да грамадскага актывіста.

Суддзя Валерый Шпак па ўжо звыклай завядзёнцы не ўзяў пад увагу відавочныя супярэчнасці справы і пасля перапынку аштрафаваў Мікалая Саляніка паводле артыкулу 23.4 КаАП на 10 базавых велічынь за нібыта непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Як сведкі на працэсе выступалі прадстаўнікі ўчастковай міліцыі мікрараёна Фолюш з Кастрычніцкага УУС маёр Юрый Сярко і старэйшы лейтэнант Аляксей Панамароў. Па-сутнасці сваіх сведчанняў яны сцвярджалі, што 7-га лістапада 2018 году каля дому па вуліцы Багушэвіча, дзе Салянік пражывае, ён не аказваў ніякага супраціву, а толькі патрабаваў, што калі яго затрымліваюць, то павінна прыехаць службовая машыны і міліцыянты ў форме. Салянік таксама патрабаваў, каб яго рукі зашчапілі ў кайданкі. У рапартах жа і пратаколе пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне адлюстравана іншае - што Салянік нібыта супраціўляўся міліцыянтам. Менавіта на гэтую супярэснасць звяртаў увагу суддзі Шпака Салянік. Але той не ўзяў пад увагу гэтую акалічнасць і агучыў чакана карную пастанову.

03.01.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты