Навіны

150 гадоў з дня нараджэння Ядвігіна Ш.

Адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы, літаратуразнавец, публіцыст Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) нарадзіўся ў маёнтку Добасна (цяпер Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і Яна і Вольгі Лявіцкіх. Вядомы як аўтар баек у прозе, лірычнага апавядання, сатырычнай замалёўкі, дарожных нататак, фельетона, мастацкай публіцыстыкі, мемуараў. Вялікае значэнне для празаічнай формы беларускай літаратуры меў яго раман “Золата”.

Калі сям’я пераехала ў Карпілаўку пад Радашковічамі, у 1877-78 гг. Антон вучыўся ў нелегальнай школе ў Люцінцы, якую арганізавала дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Каміла. Паспяхова скончыў Мінскую гімназію і паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. 8 сакавіка 1890 г. за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях Ядвігін Ш. арыштаваны, зняволены на некалькі месяцаў у Бутырскую турму, пасля чаго выключаны з універсітэта.

Пасля турмы Ядвігін Ш. не дамагаецца аднаўлення ва ўніверсітэце. Здае экзамен на аптэкара, практыкуецца і выязджае ў Беларусь у Карпілаўку. Ад цяжкай хваробы памірае бацька, а неўзабаве здараецца пажар, які знішчыў дом. Ядвігін Ш. будуе для сям’і невялікую хатку, а сам выпраўляецца ў Мінск і здае экзамен на аптэкара. Пасля кароткай практыкі пераводзіцца ў Радашковічы, працуе памочнікам правізара. У Радашковічах Ядвігін Ш. стаў сябрам гуртка мясцовай інтэлігенцыі, браў удзел у літаратурных вечарынах. У 1892 годзе напісаў камедыю “Злодзей”. Рыхтаваўся спектакль, але ён не прайшоў цэнзуру. Пасля папярэджання пракурора спектакль не адбыўся. Камедыю не надрукавалі, а рукапіс не захаваўся.

У 1894 г. Лявіцкі пабраўся шлюбам з радашковіцкай швачкай Люцыяй Гнатоўскай. У іх нарадзілася чацвёра дзяцей: Ванда, Лявон, Вацлаў і Казімір. Лявіцкі загадваў крамай запаснога насення землеўласнікаў, бо па стане здароўя адмовіўся ад аптэкарства. Прагарэўшы на новай справе, вярнуўся ў Карпілаўку. Першае апавяданне Ядвігіна Ш. па-беларуску, якое мела назву “Суд”, было надрукаванае ў 3-ім нумары газеты “Наша доля”. У 1903-04 гг. супрацаваў з мінскімі і віленскімі выданнямі. У 1909-10 гг. жыў у Вільні, працаваў сакратаром, загадчыкам літаратурнага аддзела “Нашай нівы”. Шмат пісаў і друкаваўся. У 1913 г. працаваў у рэдакцыі газеты “Беларус”. Увесну 1910 г. пісьменнік вандраваў пешшу па Беларусі, з Вільні да Карпілаўкі прайшоў больш за 500 км. У сваіх падарожных нататках у “Нашай Ніве” пад назваю “Лісты з дарогі”, расказаў пра мястэчкі і вёскі, цікавых людзей.

Маёнтак Ядвігіна Ш. часта наведваў сын суседа-арандатара Дамініка Луцкевіча – Янка Купала. У 1912 г. у пісьменніка выйшаў зборнік “Бярозкі”, у 1914 – “Васількі”. Апошні выдадзены ў друкарні Марціна Кухты за грошы Магдалены Радзівіл. У лістападзе 1913 г. Лявіцкі пераехаў з Вільні ў Мінск, быў тэхнічным рэдактарам беларускіх часопісаў: сельскагаспадарчага “Саха” і для дзяцей і моладзі “Лучынка”. У час 1-й сусветнай вайны   арганізаваў беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны, дзе пазнаёміўся з Максімам Багдановічам, ставіў спектаклі. У Карпілаўцы працаваў беларускамоўны прытулак для дзяцей бежанцаў.

У час вайны Ядвігін Ш. захварэў на сухоты. У 1918 г. яго стан рэзка пагоршыўся, што змусіла легчы ў Мінскі шпіталь, а потым выехаць у Карпілаўку. Увосень 1920 г. вярнуўся ў Вільню і рыхтаваў да выдання свае “Успаміны”. Памёр у Вільні ў шпіталі 24 лютага 1922 г. Пахаваны на могілках Росы на літарацкай горцы.

04.01.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты