Навіны

Маўчанне – золата…

Памятаю з маленства такую вясёлую прымаўку: маўчанне – золата, знайшоў золата і маўчы. Цяпер людзі рэдка знаходзяць залатыя скарбы, каб маўчаць і схаваць іх дома. Цяпер у Беларусі золатам з’яўляецца грамадскае маўчанне. Маўчаць людзі і ўсё. Асабліва на працы. А вось дома ці сярод сяброў адкрыта і шчыра выказваюць свае думкі, як ім дрэнна працаваць, які на той ці іншай рабоце “бардак”, ніхто нічога не хоча рабіць і думаць.”Поўная развалюха”, – кажуць беларусы, прыходзячы з працы дамоў. Поўнае бязладдзе таму, што ніхто нічога не хоча рабіць, асабліва начальства. Яно толькі атрымлівае заробак і ўсё. Ім да лямпачкі людзі, планы, працоўныя поспехі і адкрыцці. Многія рабочыя ці радавыя супрацоўнікі смяюцца з начальства, смяюцца з таго, якое яно дурное, неадукаванае, абыякавае і дзіўнае. Але за тое, гэтае начальства ездзіць на службовых машынах з кіроўцамі, добра харчуецца, мае адну-дзве каханкі, атрымлівае нядрэнны заробак. Што-што, а заробак ім налічваюць у першую чаргу. Рабочым потым, а ім – найперш.  

Але гэтае начальства, здаецца, не мае галоў, а тое, якое мае галовы, то яны без мазгоў. Ніхто з іх не вырашае ніводнага пытання, і вырашаць не хоча і не жадае. А ў райвыканкамы быццам іх падбіраюць туды спецыяльна такіх. Патэлефанавалі з аблвыканкамаў, напрыклад, што трэба зрабіць тое і тое, яны і робяць, калі месяц ніхто не патэлефануе, не дашлюць загадаў, то ніхто і пальцам не паварушыць. Вось загадалі, каб усе ўстановы да 1 снежня падрыхтаваліся да Новага году і ўпрыгожылі свае канторы і будынкі. А хто не зробіць своечасова, будзе пакараны. І пайшлі-паехалі ўсе даставаць гірлянды, ёлкі, цацкі, бо загад. Ды вельмі “важны”. І хутка па камандзе ўсе гэты загад выконваюць. Уяўляю, падобны загад паступіў у ЗША, Францыі, Англіі, Польшчы. Там былі б усе ў шоку. Ці ж важна гэта, калі якое прадпрыемства упрыгожыць свае залы і кабінеты гірляндамі? А можа яны зусім не жадаюць гэта рабіць? Гэта ж прыватная справа калектываў і арганізацый, а не начальства зверху павінна даваць загады. І такіх прыкладаў можна прывесці безліч. Праз месяц усім райвыканкамам загадаюць правесці праводзіны зімы. Нават могуць вызначыць дні, але не пазней і не раней. І будуць у райцэнтрах рыхтавацца да гэтых праводзінаў. А калі завітаеш туды, то глядзець няма чаго: не адпачнеш, а толькі расхвалюешся ад убачанага прымітывізму.

Ніхто ў райвыканкамах Беларусі, а тым больш на прадпрыемствах і ў арганізацыях, сёння не прапануе нешта новае, эфектыўнае, карыснае. Паспрабуй толькі прапануй што-небудзь вартае, таму адразу дадуць па галаве, альбо проста звольняць ці не працягнуць працоўны кантракт. І ўсе – маўчаць, хаця ў многіх людзей шмат добрых і карысных прапаноў, якія сёння можна было б выкарыстоўваць на працы і ў нашым жыцці. Але людзі маўчаць, бо маўчанне – золата. І нясуць яны гэта маўчанне-золата дамоў, каб хоць на кухні перад жонкай ці мужам, ці перад сябрамі і суседзямі выказаць усё тое, што яны хочуць сказаць, прапанаваць ці проста пасмяяцца з таго, што адбываецца на нашых прадпрыемствах і ў арганізацыях, якія ледзьве дыхаюць ці на самым апошнім дыханні. 

Сяргей Чыгрын

07.01.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты