Навіны

Абласны суд не задаволіў скаргу Вольгі Макарэвіч

14 студзеня ў Гарадзенскім абласным судзе адбылося паседжанне судовай калегіі пад старшынствам суддзі Гарадзенскага абласнога суда Юрыя Карэцкага, якая разглядала скаргу Вольгі Макарэвіч на рашэнне Кастрычніцкага суда Гародні, які адмовіў ёй у яе прэтэнзіях да Гроднааблпрамбуду, дзе Вольга працуе. Вольга Макарэвіч, маці хворага дзіцяці, доўгі час не атрымлівала ад прадпрыемства матэрыяльнай падтрымкі на сына, якая ёй гарантаваная законам.

Пасля доўгіх судовых працэсаў абласны суд Гародні прызнаў яе прэтэнзіі справядлівымі і абавязаў Гроднааблпрамбуд пакрыць усе недаплаты за ўвесь перыяд, які прадугледжвае заканадаўства.

Зараз Вольга Макарэвіч змагаецца за пакрыццё маральных страт.

Абласны суд Гародні на задаволіў яе скаргу, і пакінуў рашэнне Кастрычніцкага суда Гародні ў сіле, унёсшы некаторыя змены.

Вольга Макарэвіч збіраецца даказваць сваю правату ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, што 16 ліпеня 2018 года калегія Гарадзенскага абласнога суда задаволіла касацыйную скаргу Вольгі Макарэвіч, жанчыны, якая незаконна была пазбаўлена дадатковых выплат па месцы працы на свайго хворага малалетняга сына і доўга дамагалася справядлівасці.

Перад гэтым суд Кастрычніцкага раёну не задаволіў іск Вольгі Макарэвіч да адказчыка – Гроднааблпрамбуду, дзе заяўніца працуе інжынерам. Суддзя Кастрычніцкага суда Сяргей Слашчоў досыць фармальна падышоў да разгляду пазову, узяў бок адказчыка – Гроднааблпрамбуду і мясцовай структуры Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Макарэвіч не пагадзілася з такой пастановай раённага суда і падала касацыйную скаргу ў абласны суд. Там удалося выйграць.

16 ліпеня калегія Гарадзенскага абласнога суда задаволіла касацыйную скаргу Вольгі Макарэвіч.

Трэба адзначыць, што сваё пярэчанне на рашэнне суда Кастрычніцкага раёну па дадзенай справе вынесла і пракуратура.

У сваім пачатковым іску Вольга Макарэвіч патрабавала спагнаць з адказчыка суму 4 тысячы 680 рублёў – яна ўключае ў сябе нявыплачаную за пэўны тэрмін дапамогу, індэксацыю, а таксама судовыя выдаткі заяўніцы іску.

Сутнасць усёй справы палягала ў наступным:

Як толькі Вольга Макарэвіч атрымала пасведчанне аб інваліднасці на свайго хворага сына, яна звярнулася ў бухгалтэрыю Гроднааблпрамбуду, дзе працуе інжынерам. Бухгалтарка Людміла Каровіна не паведаміла Макарэвіч, што яна ў такой сітуацыі мае права на дадатковыя грашовыя выплаты на сына. Можна дапусціць, што бухгалтарка проста не ведала пра такую норму заканадаўства, але пікантнасць сітуацыі ў тым, што Каровіна ўваходзіць у адпаведную камісію на прадпрыемстве, якая вызначае і афармляе такую фінансавую падтрымку. Цягам ажно 20 месяцаў прадпрыемства не выплачвала гэтую дапамогу Вользе Макарэвіч. Калі яна даведалася пра такое палажэнне ў заканадаўстве, то шляхам перамоваў з адміністрацыяй Гроднааблпрамбуд спрабавала дамагчыся належных выплатаў за ранейшы час. Аднак, юрыдычны аддзел прадпрыемства даводзіў, што гэта незаконна. На гэтым настойвалі і прадстаўнікі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, праз які павінны былі ісці такія выплаты.

На судзе прадстаўніца юрыдычнага аддзелу Гроднааблпрамбуду Эла Міравая акцэнтавала ўвагу на тым, што паколькі не было пісьмовай заявы ад Макарэвіч і ў дадатак пакету адпаведных дакументаў, то налічэння грашовай дапамогі не магло быць. Такой жа пазіцыі трымаліся прадстаўніцы Гарадзенскага абласнога ўпраўлення ФСАН - начальнік аддзелу прававой і кадравай работы Аксана Варсіцкая і Святлана Кігань. Як высветлілася пры разглядзе касацыйнай справы аддзел Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва нават не вядзе адпаведнага маніторынгу асобаў, якім належыць такая выплата. Вольга Макарэвіч са свайго боку слушна даводзіла, што каб яе інфармавалі належным чынам адпаведныя спецыялісты прадпрыемства, якія павінны былі гэта зрабіць, то такая заява з адпаведным камплектам дакументаў была б прадстаўлена ў патрэбны час. У выніку ж бюракратызм, фармалізм і, як мінімум, недагляд службовых асобаў і чыноўнікаў пазбавіў дзіця грашовай дапамогі, якая яму паложана па законе.

Разгляд касацыйнай скаргі Макарэвіч доўжыўся амаль дзве гадзіны і скончыўся ўрэшце на яе карысць. Тады, 16 ліпеня судовая калегія ў складзе суддзяў Раманоўскі, Міхневіч, Ярмак у выніку пастанавіла, што Гроднааблпрамбуд павінен выплаціць на сына Вольгі Макарэвіч, які мае інваліднасць, і кампенсаваць судовыя выдаткі заяўніцы на суму 6 тысяч 304 рублі 11 капеек з улікам індэксацыі.

14.01.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты