Навіны

25 гадоў з дня смерці Генадзя Каханоўскага

Беларускі гісторык, археолаг, літаратуразнавец Генадзь Каханоўскі нарадзіўся 8 студзеня 1936 года ў вёсцы Дамашы каля Маладэчна. Вядомы тым, што асноўную сваю дзейнасць прысвяціў роднаму Маладэчанскаму краю.

У 1952 годзе Каханоўскі скончыў Насілавіцкую сямігодку, праз тры гады сярэднюю школу ў вёсцы Лебедзева. Юнацкія гады Генадзя Каханоўскага прайшлі ў Маскве, дзе ён вучыўся. Нейкі час паралельна працаваў у васьмігадовай школе ў вёсцы Ленкаўшчына на Маладэчаншчыне, потым у школах Маладэчна. У 1963 годзе скончыў Маскоўскі педагагічны інстытут. У той час ўзначальваў беларускае студэнцкае зямляцтва, сустракаўся там з Уладзімірам Дубоўкам і Міколам Улашчыкам.

Пасля сканчэння вучобы Каханоўскі вярнуўся ў Маладэчна, дзе з 1964 года працаваў ў абласным краязнаўчым музеі, там стварыў экспазіцыю. За яе змест краязнаўца звінавацілі ў нацыяналізме. У 1969 годзе атэстацыйная камісія прызнала працу маладога гісторыка-патрыёта шкоднай для “камуністычнага выхавання савецкіх людзей”. Гісторыка вінавацілі нават за тое, што ён казаў пра страты ў вайне Беларуссю кожнага чацвёртага свайго жыхара, а значыць “штучна завышаў ролю беларускага народу”. Звольненага Каханоўскага аднавілі на працы, дзякуючы толькі заступніцтву літаратараў і навукоўцаў Максіма Танка, Івана Новікава, Янкі Брыля, Генадзя Бураўкіна, Міхася Ткачова, Міхася Чарняўскага. Аднак цкаванне гісторыка не спынялася. Улады не дазвалялі Каханоўскаму выязджаць за мяжу. Чарговыя нападкі на Каханоўскага адбываліся ў 1974 годзе ў час разгрому так званага “Акадэмічнага асяродка” – прадстаўнікоў беларускай навуковай інтэлігенцыі.

Нягледзячы на перашкоды з боку камуністычных улад, Каханоўскі стаў спачатку намеснікам, а потым і дырэктарам Мінскага абласнога краязнаўчага музея. З 1981 года быў старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі Навук Беларусі, з 1991 года стаў старэйшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзелу Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтру імя Францішка Скарыны.

У 1989 годзе Генадзь Каханоўскі стаў адным з заснавальнікаў Беларускага краязнаўчага таварыства і стаў яго першым старшынём. Гісторык актыўна ўлучыўся ў беларускі рух часу перабудовы, прыязджаў у розныя гарады, у прыватнасці выступаў у Гродне на клубе “Паходня”. У 1992 годзе абараніў першую ў Беларусі доктарскую дысертацыю па крыніцазнаўстве матэрыяльнай і духоўнай культуры нашага народу. Напісаў і выдаў шэраг кніг па фалькларыстыцы і археалогіі, даследаванні, прысвечаныя Яўстаху Тышкевічу, Адаму Кіркору, Максіму Багдановічу. Дэталёва даследаваў Койданаўскі кальвінскі збор. Вывучаў гісторыю археалогіі, музейнай справы, краязнаўства, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Выступаў у друку пад псеўданімамі Габрук, Верасень, Г. Гак. Генадзь Каханоўскі – аўтар літаратурна-краязнаўчых нарысаў пра Янку Купалу, Яна Баршчэўскага, Адама Гурыновіча, Фелікса Тапчэўскага, Міхася Чарота, гісторыка-эканамічных нарысаў “Вялейка” (1974 год), “Маладэчна” (1988) і іншых. Адзін з аўтараў помніка “Дарозе” – так званаму Віленскаму шляху – на радзіме Тамаша Зана – вёсцы Мясата на Маладэчаншчыне. 

Памёр Генадзь Каханоўскі ў родным Маладэчне ў веку толькі 58 гадоў 15 студзеня 1994 года. Пахаваны на могілках каля вёскі Насілава на ўскрайку Маладэчна.

15.01.2019

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты