Навіны

Мікалай Статкевіч: 80% людзей хочуць пераменаў

Пратэст, вулічныя акцыі, бескампраміснасць. Гэта тое, што асацыіруецца з нашым госцем.

Пра чарговыя выбары прэзідэнта і складанасць сітуацыі, у якой апынулася Беларусь, з палітыкам Мікалаем Статкевічам паразмаўляла Яна Запольская:

РР: Партыя „Народная грамада” плануе вылучаць вас у кандыдаты ў прэзідэнты на чарговых выбарах. Наколькі вы гатовыя зноў „увайсці ў гэтую раку”?

Мікалай Статкевіч: Я ніколі з яе не выходзіў, бо гэта мабыць і не выбарчай кампаніяй завецца. Вы ведаеце якая ў нас выбарчая сітуацыя, выбарчая сістэма – выбараў па сутнасці няма. Гэта змаганне за свабоду. Пакуль ёсць сілы, пакуль жывы, на свабодзе, не на свабодзе я буду змагацца за сваю краіну.

РР: 17-га студзеня адбудзецца пасяджэнне Беларускага нацыянальнага кангрэса. Калі вы будзеце вылучацца, то ад усяго кангрэса?

Мікалай Статкевіч: Так, гэта такая працэдура. Мы дамовіліся на кангрэсе, што тыя арганізацыі – 7 арганізацый, якія ўваходзяць, або 14 рэгіянальных кааліцый, яны маюць права вылучаць сваіх прэтэндэнтаў. Рада Беларускага нацыянальнага кангрэса ў чацвер 17-га студзеня, а 12-й гадзіне пачне пасяджэнне і вызначыць кандыдата ад Беларускага нацыянальнага кангрэса. Я спадзяюся, што калегі падтрымаюць маю кандыдатуру, якая ўжо падтрыманая „Народнай грамадой”.

РР: Калі так адбудзецца, ці плануеце адразу пачынаць нейкую кампанію, якую можна будзе назваць перадвыбарчай?

Мікалай Статкевіч: Я думаю, што мы адразу пачнем палітычную кампанію, калі мяне падтрымаюць калегі. У мяне ёсць нагода для такой кампаніі. Безумоўна ўсе разумеюць, што трэба ўвесь час весці кампанію за змену выбарчага заканадаўства, каб былі сапраўдныя выбары. У мяне ёсць такая нагода, бо ў адносінах да мяне нават фармальна парушана Канстытуцыя з-за так званай судзімасці, па іхняму выбарчаму кодэксу я не маю права быць кандыдатам. Канстытуцыя падае пералік прычын, па якіх грамадзянін не можа быць кандыдатам на выбарах, майго выпадку там няма. У Канстытуцыі напісана, што іншыя абмежаванні не дапускаюцца, але дапусцілі. Таму, каб звярнуць увагу на наш Выбарчы кодэкс, на нашу выбарчую сітуацыю, што выбары зрабіліся нейкім рытуалам, каб ператварыць іх у сапраўдныя. Мы адразу пачнем кампанію за вяртанне сапраўдных выбараў, бо не сакрэт, што Лукашэнка сам абірае сабе канкурэнтаў. Ён дапускае на выбары нейкіх блазнаў, задача якіх потым пацвердзіць яго перамогу. Калі мы будзем спакойна да гэтага ставіцца, гуляцца ва ўсякія выбарчыя цацкі, кшталту шмайрэзы-праймерызы, якія падыходзяць толькі дэмакратычным краінам. Гэта вельмі небяспечна для краіны, бо зараз сітуацыя зусім іншая. 80% людзей хочуць пераменаў, яны радыкальна-негатыўна ставяцца да ўлады. Калі замест нармальных выбараў, якія даюць шанец на мірныя перамены, мы зноў атрымаем чарговае шоў з клоўнамі, то значыць будуць не мірныя перамены, народ гэта ўжо не стрывае. Не мірныя перамены не хацелася б.

РР: Гэта будуць і вулічныя акцыі?

Мікалай Статкевіч: Безумоўна, будзе некалькі складнікаў. Мы пачнем фармаваць ініцыятыўную групу недзе з лютага. Спачатку пачнем ездзіць па рэгіёнах, ствараць касцяк гэтай ініцыятыўнай групы. Потым праз інтэрнэт, на спецыялізаваным закрытым, абароненым сайце пачнем інфармаваць групу. Мы спадзяемся, што яна будзе вельмі вялікая. Паралельна безумоўна мы будзем апеляваць да сацыяльных праблем, якіх зараз багата і будзе рабіцца ўсё болей. Безумоўна, пагроза незалежнасці Беларусі, якая зноў актывізавалася, актуалізавалася. Мы аб’яднаем сацыяльны, палітычны пратэст, патрыятычны супраціў і выбарчую кампанію, каб дасягнуць пераменаў. Зараз сітуацыя зусім іншая, чым на папярэдніх выбарах. Некаторыя палітыкі кажуць, што мы пойдзем на выбары пра праграмы расказаць і г.д. Самыя смелыя кажуць, каб паспрабаваць нейкую плошчу, каб нейкую годнасць захаваць. Пара казаць пра перамогу – 80% супраць. Павінны выступіць тыя, хто прэтэндуе на кандыдата ў прэзідэнты, з рэзкай крытыкай рэжыму, паказаць альтэрнатыву. Трэба паспрабаваць, у тым ліку з дапамогай вулічнага ціску, іншых механізмаў нам улада не пакінула, каб дасягнуць свайго. Зараз абавязак тых, хто прэтэндуе быць альтэрнатывай, быць альтэрнатывай гэтай уладзе, крытыкаваць гэтую ўладу. Калі ў нас улада адзін чалавек, а ўсе астатнія, даруйце, паслугачы, халуі так сказаць, значць трэба крытыкаваць гэтага чалавека. Зараз я бачу нібыта шмат кандыдатаў вымалёўваецца, але ніводзін з іх не кранае свяшчэнную персону, ну максімальна да міністра нехта смелы дабярэцца. Даруйце, але гэта як брахаць на сабаку, калі баішся нешта сказаць гаспадару.

РР: Іншыя кандыдаты на сённяшні дзень – з правацэнтрысцкай кааліцыі, якая плануе вылучыць адзінага кандыдата, і там ёсць тры прэтэндэнты: Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Павел Севярынец. Хтосьці з іх будзе патэнцыйна вашым канкурэнтам падчас гэтай кампаніі.

Мікалай Статкевіч: У мяне толькі адзін канкурэнт – гэта спадар Лукашэнка. На жаль, іншыя, каго б там ні вылучылі, не лічацца супернікамі для Лукашэнкі і гэтага не паказваюць. Як я ужо казаў, максімум ад рэстаратара да нейкай чыноўніцы – вось дыяпазон іхняй крытыкі. Калі ёсць аўтарытарны рэжым і галоўны аўтакрат, то ён за ўсё адказвае. Дык давайце, крытыкуйце яго!

РР: А пытанне Курапатаў не лічыце палітычным?

Мікалай Статкевіч: Я думаю, што гэтае пытанне не тычыцца наўпрост улады. Магчыма, гэта мемарыяльнае пытанне, гістарычнае пытанне. А ўлада таксама ж выказалася, і нават помнік паставіла. Яна не замінае там асабліва людзям. Я ўяўляю, каб там палітычную акцыю праводзілі з патрабаваннямі да Лукашэнкі. Доўга яны б там прастаялі? Там бы ўжо 10 крымінальных спраў было. Там проста ўлада дазваляе гэта, бо не лічыць тое небяспечным. І, на жаль, наш народ таксама не лічыць гэта важным.

РР: Вы ўжо сказалі, што гэтая перадвыбарчая сітуацыя адрозніваецца ад ранейшых. У чым канкрэтна адрозненне? І ці лічыце вы, што Беларусь знаходзіцца на мяжы страты незалежнасці? Наколькі сітуацыя драматычная, на вашую думку?

Мікалай Статкевіч: Нас чакаюць драматычныя змены. Бо палітычная, сацыяльна мадэль, нават міжнародная мадэль, рэалізаваная гэтым рэжымам, вычарпала свой рэсурс. Паразітарная дзяржава, калі асноўны донар, да якога яна прыляпілася, пачынае скарочваць падпітку, а той патрабуе ўсё болей і болей за меншыя грошы і хоча забраць саму дзяржаву, то гэта ўсё – тупік, крах і небяспека. Самае галоўнае, гэты крызіс адлюстроўваецца ў сацыяльным самаадчуванні людзей. Адчайная сітуацыя асабліва там, дзе быў ядравы электарат Лукашэнкі: гэта Усходняя Беларусь, невялічкія гарады, мястэчкі, вёскі. Там найбольшая нянавісць і найбольшы адчай.

Трэба, каб была тут альтэрнатыва. Калі ўнутры няма альтэрнатывы, калі палітычная апазіцыя чым заўгодна займаецца, толькі не сваім прамым абавязкам: не крытыкуе, не нападае на гэты рэжым, не спрабуе яго памяняць – людзі пачынаюць не вельмі сур’ёзна нас успрымаць. Яны пачынаюць аглядацца па баках, за межамі шукаць альтэрнатыву.

РР: Калі казаць пра Захад, ці дапаможа ён нам?

Мікалай Статкевіч: Захад нам дапаможа: ён прыме пэўныя заявы, магчыма, увядзе санкцыі, але ў тым выпадку, калі тут будзе нейкі гвалтоўны захоп. Калі ўсё будзе паэтапна, як гэта робіцца зараз, то і асаблівай рэакцыі не будзе. Ужо ёсць нават такая інфармацыя, што нібыта кіраўніцтва Германіі на кансультацыях з кіраўніцтвам Расеі нешта такое сказалі: „Калі ўсё гэта будзе паступова, без гвалту, паэтапна. Саюзная дамова ж ёсць”. Таму ўсё тут будзе залежыць ад ступені супраціву. І калі будзе сапраўдная воля народа, будзе супраціў, то будзе і спачуванне, і падтрымка, якая будзе нарастаць.

Трэба ўсім зрабіць высновы з украінскіх падзеяў. І нейкіх чырвоных ліній мы не павінны пераходзіць. Дарэчы, у нас у праграме „Народнай грамады” заўсёды быў ваенны нейтралітэт. Мы ніколі не казалі пра НАТА, бо мы разумеем, якая гэта хваравітая тэма для Расеі. Мы павінны ўлічваць іх інтарэсы ў бяспецы, інакш можам нарвацца на прамую агрэсію. Але, безумоўна, павінны патрабаваць, каб усе суседнія краіны ўлічвалі наша права на свабоду, дэмакратыю, нацыянальнае развіццё, незалежнасць. Таму пра гэта трэба казаць, і я кажу, што мы гатовы ўлічваць інтарэсы суседзяў, мы гатовы не рабіць нейкіх рэзкіх крокаў, але мы хочам сумленных выбараў, мы хочам, каб быў абраны нармальны парламент, а ўлада павінна быць зменена. Беларусы ўжо даўно заслугоўваюць новага ўрада, дэмакратыі, вольных выбараў і тым больш новага прэзідэнта. Я гатовы!

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/mikalaj-statkevich-80-lyudzej-khochuts-pera/

15.01.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты