Навіны

БелАЭС: адпрацаванае ядзернае паліва – “падарунак” будучым пакаленням

14 студзеня 2019 года ў Астраўцы адбыўся сход па абмеркаванні экалагічнай ацэнкі стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС, якая будуецца.
Як афіцыйны ўдзельнік на сходзе прысутнічаў праваабаронца са Смаргоні  Алесь Дзергачоў, які падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі і меркаваннямі.
Цікава, што папярэдне афіцыйна, паводле вызначанай арганізатарамі працэдуры, зарэгістравалася як удзельнікі абмеркавання  ўсяго 16 чалавек, з якіх 15 прысутнічала. Тым не менш, у кінаканцэртнай зале, акрамя яшчэ прыкладна 10 журналістаў, прысутнічала масоўка прыкладна з 200 маладых людзей.
Дзергачоў распавёў, што даклад па тэме  намесніка галоўнага інжынера РУП “БелАЭС” па бяспецы і надзейнасці Аляксандра Парфёнава выклікаў шмат пытанняў ад актывістаў.
Чаму? Залу ўскалыхнуў абраны паводле дакладу варыянт абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам. Ён уключае ў сябе наступную схему: яго накапленне (што уключае ў сябе вытрымку пэўны час у басейне з-за высокай тэмпературы адкідаў і таму немагчымасці тэрміновай транспартыроўкі),  пасля – транспартыроўка ў Расею на перапрацоўку (што ўключае ў сябе частковае вызваленне ад радыяцыйных рэчываў вельмі доўгага распаду) і вяртанне ў Беларусь на пастаяннае захоўванне. Яно будзе рабіцца ў трох кропках 5-кіламетравай зоны АЭС. Але накапляльнай пляцоўкай АЭС пакуль не забяспечана, яе прыйдзецца рабіць “з колаў”, а між тым першае адпрацаванае паліва з’явіцца ўжо праз 4 гады пасля пуску. Дамовы на перапрацоўку адпрацаванага паліва з Расеяй пакуль няма. Яе праект  будзе падрыхтаваны толькі пасля зацвярджэння абмяркоўваемай стратэгіі.

Дакладчык падкрэсліў, што бяспеку пахавання адпрацаванага ядзернага паліва абгрунтаваць вельмі цяжка, бо у свеце не існуе ўніверсальнага метаду яго захоўвання (пахавання).Таму адпрацаванае ядзернае паліва ён лічыць “падарункам”  будучым пакаленням.
У зале пачулася рэпліка, што на пачатку будаўніцтва ўлады запэўнівалі, што адпрацаванае паліва будзе вяртацца ў Расею. Але гэтыя словы, як кажуць, павіслі ў паветры.
Актывісты праваабарончага і экалагічнага рухаў задалі шмат пытанняў па стратэгіі. У тым ліку:

Чаму праблема абыходжання з адкідамі не вырашалася на стадыі праектавання АЭС?; 

Калі зыходзіць з прыкладу дзвюх еўрапейскіх краін, забеспячэнне захоўвання адпрацаванага паліва каштуе каля 7 мільёнаў еўра, то колькі будзе каштаваць гэта мерапрыемства Беларусі?;

Каля якіх канкрэтна населеных пунктаў у межах 5-кіламетравай зоны будзе захоўвацца адпрацаванае паліва?
Першае пытанне арганізатары мерапрыемства аб’явілі зададзеным не па тэме. На што задаўшы яго праваабаронца Валерый Шчукін адказаў: - Вы падобныя на тую жанчыну, якая спачатку нараджае дзіця, а потым думае, як яго карміць.

На другое пытанне пра кошт канкрэтнага адказу не было. Маўляў, камерцыйная тайна. Рэплікі пра тое, якая ж гэта можа быць камерцыйная тайна, калі гутарка ідзе аб народных сродках, на арганізатараў мерапрыемства не паўплывалі.
Трэцяе пытанне пра месцы захавання адкідаў засталося без канкрэтнага адказу: не памятаем, забыліся.
Ну а на пытанне, ці прапрацоўваўся варыянт, калі Расея пасля заключэння дамовы на перапрацоўку адпрацаванага паліва адмовіцца ад яго выканання, то бок выйдзе з дамовы, Аляксандр Парфёнаў адказаў, маўляў, дарэмна негатыўна адносіцеся да Расеі як партнёра. Яна ж выконвае ўсе дамовы, нават заключаныя з Украінай.
Такі адказ выклікаў лёгкія хваляванні ў зале.
Арганізатары мерапрыемства аб’явілі, што аўтары пытанняў атрымаюць больш абгрунтаваныя пісьмовыя адказы ў 10-дзённы тэрмін і падзякавалі за прапановы.
Алесь Дзергачоў гэты сход лічыць карысным, бо для грамадскасці адкрыўся шэраг эканамічных, юрыдычных, экалагічных і палітычных праблем, звязаных з наступствамі будаўніцтва АЭС, якія раней уладамі проста замоўчваліся, або з-за некампетэнтнасці не ўяўляліся.Напрыклад, што Беларусь, акрамя таго, што у працэсе эксплуатацыі будзе залежыць ад Расеі з-за тэхналагічнай прывязкі да ядзернага паліва менавіта гэтай краіны, мусіць яшчэ быць у кабале ў пытанні вымушанай перапрацоўкі адкідаў. Бо, як паінфармавалі арганізатары сходу, калі адпрацаванае паліва не будзе накіроўвацца папярэдне у Расею на перапрацоўку, Беларусь мусіць будаваць глыбіннае пахаванне паліва, аналагаў якому ў свеце пакуль няма, а тэрміны і кошты спробы будаўніцтва ў замежных краінах такіх пахаванняў з пачатку ўзвядзення падвоіліся, будоўлі не завершаныя.

У выніку сход  паказаў новыя кірункі працы для праваабарончых і экалагічных грамадскіх арганізацый, а таксама для палітычных партый.

15.01.2019

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты