Навіны

Дарыў дзецям казкі

115 гадоў з дня нараджэння і 40 гадоў з дня смерці <strong>Алеся Якімовіча</strong>.

З творамі Алеся Якімовіча, выдатнага дзіцячага пісьменніка, маё пакаленне знаёмілася з першых класаў сярэдняй школы. Гэта асаблівы пісьменніцкі дар – патрапіць у душу дзіцяці, зацікавіць яго змалку родным словам. Якімовіч, мне здаецца, быў менавіта такім аўтарам.  

Алесь Якімовіч нарадзіўся 17 студзеня 1904 года ў вёсцы Чурылава (цяперашні Ўздзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Абсалютная бальшыня беларускіх пісьменнікаў таго часу нарадзілася менавіта ў вёсцы. У 1926-ым годзе Якімовіч скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум, у 1930-ым – літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1924 году працаваў у рэдакцыях часопісаў “Беларускі піянер”, “Іскры Ільіча”. Адначасна быў сябрам літаратурнага аб'яднання “Маладняк”. У першыя месяцы другой сусветнай вайны выкладаў у адной з сярэдніх школ г. Чыстапаля ў Татарстане, быў адказным сакратаром раённай газеты ў Казахстане. У кастрычніку 1942 году быў мабілізаваны ў Савецкую Армію. Ваяваў, быў спярша камандзірам стралковага ўзвода, затым роты, пад Харкавам быў цяжка паранены. З 1943-гагоду жыў у Маскве, займаўся рэдактарскай працай. Потым вярнуўся на радзіму. Працяглы час быў старшым рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, тры гады адказным рэдактарам дзіцячага часопіса “Бярозка” (1945-1948), літкансультантам Саюзу пісьменнікаў Беларусі.

Друкавацца Якімовіч пачаў яшчэ ў 1923 годзе ў часопісе “Маладняк”. Першая кніжка пад сціплай назвай “Вершы” выйшла ў 1925-ым. Пісаў пераважна для дзяцей, выдаў вялікую колькасць зборнікаў – каля трох дзесяткаў. У 1967 годзе выйшлі Выбраныя творы пісьменніка ў двух тамах, у 1978-1980 гадах – у трох тамах.

У апрацоўцы Алеся Якімовіча асобнымі выданнямі выйшла шмат беларускіх казак, а таксама зборнікі “Каток – залаты лабок” (1955), “Бацькаў дар” (1957), “З рога ўсяго многа” (1959), “Андрэй за ўсіх мудрэй” (1983). Якія сталі сапраўднай класікай дзіцячай літаратуры. Якімовіч быў таксама суаўтарам школьнай “Чытанкі”, аўтарам падручніка для 2-га класа “Роднае слова”, кніг для чытання “Слухай – запамінай: Азбука ў вершах і малюнках”, “Звяры нашых лясоў”. Вядомы ён і як перакладчык, які адаптаваў на беларускую мову творы расійскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, Джэка Лондана, Гі дэ Мапасана, Ганса Хрысціяна Андарсана.

Нехта напэўна можа папракнуць Алеся Якімовіча ў савецкасці і вернасці “лініі кампартыі”. Для нас жа, беларусаў, вартасць працы гэтага пісьменніка ў тым, што ён рупліва збіраў беларускую народную спадчыну, творча яе перапрацоўваў, дарыў казкі юнаму пакаленню суайчыннікаў, радаваў прыхільнікаў пісьменства сваім дасціпным словам.

Памёр Алесь Якімовіч 15 студзеня 1979 году, не дажыўшы толькі пару дзён да сваіх 75-ых угодкаў. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Імем пісьменніка названа школа ў вёсцы Зяньковічы Уздзенскага раёну.

Уладзімір Хільмановіч

 

 

17.01.2019

Відэа

праваабарончыя сайты