Навіны

135 гадоў з дня нараджэння Адама Лісоўскага

Беларускі беларускі рэлігійны дзеяч, каталіцкі святар Адам Лісоўскі нарадзіўся 18 студзеня 1884 году ў вёсцы Каранды Ашмянскага павету (цяперашні Смургонскі р-н).

Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю, пасля Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію ў Пецярбургу ў 1906 годзе. У сталіцы Расеі пазнаёміўся з беларускамоўнымі клерыкамі – Францішкам Будзькам, Францішкам Грынкевічам ды іншымі. У гэтай акадэміі бібліятэкарам працаваў Браніслаў Эпімах-Шыпіла, які пазітыўна ўплываў на беларускую свядомасць навучэнцаў, фармаваў цэлы асяродак. Гэты час навукоўцы нават называюць “шыпілаўскай парой”.

Лісоўскі быў пасвечаны ў святары ў 1907 годзе. Вучыўся на захадзе ў Інсбруку (Аўстрыя, 1908-09), Мюнхене (1909-10). Душпастырскую дзейнасць вёў у парафіях Беларусі і Расеі. Калі быў у Расеі, то спярша быў прызначаны капеланам мужчынскай гімназіі ў Пецярбургу, пасля пераведзены філіалістам у Сумы, потым – на прэфекта школаў у Маскве. У розны час служыў у Магілёве, Менску, Гарадзішчы, Ігумене, Анопалі. Спрыяў увядзенню беларускай мовы ў жыццё касцёла. Да з’езду беларускіх ксяндзоў у Мінску ў 1917 годзе падрыхтаваў адмысловы рэферат “Беларускі рух і яго адносіны да жыцця касцельнага, а таксама да акцыі каталіцкай у Беларусі”. З 1917 года служыў у касцёлах Меншчыны. У 1922 годзе узначаліў Менскі дэканат. Рашуча выступіў супраць канфіскацыі касцёльнай маёмасці. Арыштаваны савецкімі чэкістамі 31 траўня 1922 году, прыгавораны да смяротнага пакарання, якое аднак было заменена 5 гадамі зняволення. Сядзеў ў турмах Менску, Масквы (у “Бутырцы”), Яраслаўля. 28 красавіка 1924-га у выніку абмену палітвязняў перададзены польскім уладам. Служыў у Гарадзішчы каля Пінску і ў Віннай на Падляшшы, быў канонікам Пінскага капітула.

Лісоўскі вядомы таксама як перакладнік, ён Пераклаў на беларускую мову кнігі Новага Запавету: Апакаліпсіс, Апостальскія дзеі, лісты Святога Паўла.

Дзейнасць Адама Лісоўскага ацэньваюць па-рознаму, адны лічаць яго правадніком польскай палітыкі, прыводзячы аргумент, што Лісоўскі ўваходзіў у склад Рады Польскага таварыства “Асьвета” ў Менску – арганізацыі, якая арганізавала сакрэтнае польскае навучанне і ўзмацняла польскую нацыянальную свядомасць на Меншчыне. Іншыя залічаюць Лісоўскага да заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху, сцвярджаючы, што ён вельмі пазітыўна паўплываў на Адама Станкевіча і Аляксандра Астрамовіча (Андрэя Зязюлю) і іх беларускую нацыянальную свядомасць. Яны сапраўды называлі Лісоўскага сваім духоўным хросным бацькам. Дакладна вядома, што Лісоўскі яшчэ клерыкам пісаў лісты да сваіх бацькоў па-беларуску, у час вакацыяў у Карандах размаўляў на роднай мове, даваў жыхарам беларускія кніжкі.

Памёр Лісоўскі ў Варшаве 9 кастрычніка 1929 году. Пахаваны ў вёсцы Кляшчэлі Бельскага павету паводле жадання побач са сваім духовым апекуном ксяндзом Адольфам Пласкавіцкім.

18.01.2019

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты