Навіны

Рэсурсы і мазгі

Маю апошнім часам дзіўнае адчуванне дэ жа вю. Ізноў расейскія прапагандысты розных масцяў завішчалі з усіх медыйных крыніц, якіх у Беларусь транслюецца-ліецца празмерна шмат, пра тое, што “бедная на рэсурсы” Беларусь ніяк не пражыве без матухны Масквы. Што безнадзейна прападзе сінявокая, былая савецкая рэспубліка, без шчодрай апякунскай рукі Расеі, маўляў, няма ніякіх шанцаў выжыць. Падобныя галашэнні мы ўжо чулі ў канцы васьмідзесятых гадоў. Дзеіла гэтая наўмысная хлусня дастаткова эфектыўна, міф пра беднасць беларускіх рэсурсаў метадычна ўбіваўся ў галовы насельнікаў Беларусі. Нават, здавалася б, ужо сталыя і пражыўшыя свой няпросты век людзі чухалі патыліцу і казалі: “Добрая рэч незалежнасць, але без Расеі мы прападзем”. Такія інфантылы вельмі нагадвалі героя кінастужкі з сімвалічнай назвай “Пакроўская брама” Хобатава. Расея ж выглядае ў ролі былой жонкі Маргарыты Паўлаўны, якая ніяк не хацела адпускаць ранейшага мужа Хобатава, не давала яму ні жыць, ні развівацца, ні нават дыхнуць самастойна.

Зараз ідэолагі знішчэння Беларусі як дзяржавы зноў ухапіліся за гэты стары замшэлы міф, што наша краіна без Расеі прападзе. Але з гісторыі 20 стагоддзя добра ведама, што прападае якраз той, хто ўвяжацца ў доўгатэрміновае партнёрства і саюз з Расеяй. Масква ж зараз ніяк не можа адмовіцца ад сваіх імперскіх амбіцый і ўсё марыць адрадзіць Савецкі саюз і мець свае ўплывы па ўсім свеце. А вынікі? Вось тая ж Куба дайшла пад патранажам Крамля да поўнай разрухі і галечы. Толькі зараз “востраў свабоды” пакідае будаваць сацыялізм, які згубіў ужо не адну дзяржаву за мінулае стагоддзе, і пакрысе выбірацца з глыбіннай ямы.    

Возьмем яшчэ да прыкладу паўднёваамерыканскую дзяржаву Венесуэлу. Па прыродных рэсурсах – гэта адна з багацейшых краін не толькі кантыненту, але і ўсяго свету. У Венесуэле ёсць усё – нафта, газ, жалезная руда, баксіты, алмазы, урэшце рэкі і адпаведна гідраэнергія. Але на чале гэтай дзяржавы стаяць палітычныя фанатыкі-узурпатары ўлады, якія абралі “асаблівы шлях развіцця”. У выніку гэтага асаблівага шляху насельніцтва краіны дайшло да голаду, з Венесуэлы ўцякаюць усе хто можа, а суседнія дзяржавы – Аргенціна ды іншыя не хочуць мець нічога супольнага з цяперашнім венесуэльскім дыктатарам. Сітуацыя ў Венесуэле набліжаецца да сапраўднай гуманітарнай катастрофы. Нездарма і “эрбэшныя” прапагандысты, якія так шмат трубілі пра брацкі народ Венесуэлы пры Чавесу і на пачатку кіравання Мадуры, замоўклі і нават не згадваюць пра тыя інвестыцыі, якія ўклалі начальнікі Рэспублікі Беларусь у заакіянскі сацыялізм блізкага па духу саюзніка. І пра выгоды ад гэтай супрацы маўчаць. 

У маленькай Эстоніі, якая ў дваццаць разоў меншая за Венесуэлу, і блізка няма таго прыроднага патэнцыялу. Аднак ёсць разумныя людзі, якія выбіраюць талковых палітыкаў, якія змаглі належна ўладкаваць дзяржаву, развіць эканоміку, выкарыстаць турыстычны патэнцыял, забяспечыць матэрыяльны дабрабыт насельнікаў. Тое, што гэтая дзяржава дбае пра сваіх жыхароў – не пусты гук. Апошняя інфармацыя з гэтай краіны ўвогуле выклікае захапленне яе ўрадам – з нядаўняга часу Эстонія выплачвае пенсію і тым жыхарам іншых краін, якія не менш 15 гадоў працавалі на эстонскай тэрыторыі раней.

Яшчэ больш яскравы прыклад – гэта Карэя, падзеленая па 38-я паралелі ў 1948 годзе. За 70 гадоў гэтыя дзве суседнія часткі апынуліся нібы на розных полюсах. “Амерыканская Карэя” стала дэмакратычнай, адной з сама тэхналагічных і багатых краін свету, “савецка-расейская Карэя” дасягнула скрайняга таталітарызму, занядбання эканомікі, галечы і поўнай бяспраўнасці няшчасных людзей. Карэйскі “эксперымент” з адным і тым жа народам, здавалася б, яскрава ўсім усё паказаў. Але ж уключыць мазгі намнога цяжэй, чым уключыць тэлевізар.

Персанаж кіно Хобатаў усё ж вырваўся з пад апекі Маргарыты Паўлаўны, якая за яго ўсё вырашала. Праўда, яму дапамаглі. Беларусі звонку не дапаможа ніхто. Так што трэба самым “уключаць мазгі” і спадзявацца толькі на сябе.

Уладзімір Хільмановіч

23.01.2019

праваабарончыя сайты