Навіны

Ад прысуду да выканання: чаму так хутка забіваюць у Беларусі?

Ілюстратыўнае фота:pic2.me

Ілюстратыўнае фота:pic2.me

Адным з найбольш важкіх аргументаў супраць смяротнага пакарання праваабаронцы называюць верагоднасць судовай памылкі, паколькі ад гэтага ніхто не застрахаваны. Памылкі коштам у жыццё чалавека здараліся не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, дзе практыкуецца смяротнае пакаранне. У былым СССР такіх людскіх трагедый можна налічыць некалькі дзесяткаў. У БССР найбольш вядомы выпадак адбыўся у 1980 годзе. Віцебскі абласны суд абвінаваціў Мікалая Цярэню ў забойстве, якое ён не здзяйсняў. Праз некалькі месяцаў невінаваты быў растралялі. А сапраўдны забойца Генадзь Міхасевіч працягваў забіваць жанчын яшчэ 5 год.

Ці мог бы быць апраўданы Цярэня? Так, мог бы. Скажам, калі б суд пры вынясенні прысуду абмежаваўся пажыццёвым зняволеннем, альбо прысуд прывялі ў выкананне не адразу, а праз 5 ці нават болей гадоў. Так, як гэта робіцца ў некаторых краінах.

Мікалай Цярэня. Фота: kp.by
Мікалай Цярэня. Фота: kp.by

 

ЗША. Па звестках з адкрытых крыніц, за 40 год у ЗША было апраўдана 144 чалавекі з камер смяротнікаў. І гэта дзякуючы таму, што паміж вынясеннем прысуду і яго выкананнем можа прайсці не адзін дзясятак гадоў. На дадзены момант "рэкорд" належыць Джэку Олдэрмену: ад вынясення прысуду да яго выканання прайшло 33 гады. Яшчэ адным абсалютным “рэкордам” лічыцца гісторыя Джэка Маккалоха, які за чужое забойства быў асуджаны да пажыццёвага зняволення і да свайго апраўдання адседзеў у турме 59 год.

У ЗША – звычайная практыка, калі чаканне смяротнага пакарання зацягваецца на доўгія гады: асуджаныя праводзяць у турме больш за дзесяць гадоў; каля 40 адсоткаў смяротнікаў чакаюць выканання прысуду па два дзесяцігоддзі, але ў сярэднім у ЗША гэты тэрмін складае 15 гадоў.

Японія. У сярэднім смяротнік, перш чым яго павесяць,  у гэтай краіне чакае пакарання 6 гадоў. За гэты час судовыя ўлады і апеляцыя паспяваюць цалкам разабрацца ў справе, і верагоднасць судовай памылкі практычна выключаная. За апошнія 50 год толькі аднойчы выявілася, што смяротнік быў асуджаны несправядліва. Ім аказаўся 63-гадовы чалавек, які паспеў праседзець 17 гадоў у камеры смяротніка.

Існуе і адваротная практыка, напрыклад, у Кітаі. Кітайскі асуджаны ў сярэднім чакае смяротнага пакарання каля 50 дзён. Па дадзеных кітайскіх праваабаронцаў, ад арышту да расстрэлу праходзіць у сярэднім два месяцы. Следства і суд, практыкуючы прымусовыя прызнання, часта асуджаюць невінаватых, аднак дакладнай статыстыкі знайсці немагчыма.

Праваабаронцы вырашылі высветліць, а колькі часу ў Беларусі праходзіць ад вынясення смяротнага прысуду да прывядзення яго ў выкананне?

Беларускім заканадаўствам не прадугледжана, колькі часу чалавек можа чакаць пакарання. Пасля вынясення прысуду большасць асуджаных да смяротнага пакарання звяртаюцца з апеляцыйнай скаргай у Вярхоўны суд, на што патрабуецца некалькі месяцаў. Затым падаецца прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта, на што таксама сыходзіць час. Пасля гэтых працэдур за смяротнікам могуць прыйсці ў любы час.

Праўда ў асуджанага альбо ў яго сваякоў ёсць магчымасць накіраваць  індывідуальны зварот у Камітэт ААН па правах чалавека,  і калі ён будзе зарэгістраваны – Камітэт звяртаецца да краіны з Тэрміновымі мерамі аб прыпыненні выканання прысуду да разгляду зварота. Аднак Рэспубліка Беларусі ігнаруе свае міжнародныя абавязальніцтвы ў гэтым плане.

У межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», якая ў студзені адзначае 10-годдзе сваёй дзейнасці, было  праведзенае невялікае расследванне і прааналізаваныя прысуды і прывядзенне іх у выкананне за 10 апошніх год.

Па звестках, якімі валодаюць праваабаронцы, за гэты час у Беларусі былі расстраляныя 23 чалавекі. У сярэднім яны чакалі выкананне прысуду па 11 месяцаў.

Найменей жыць пасля прысуду выпала фігурантам справы аб тэракце ў Мінскім метро 11 красавіка 2011 года. Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва   расстралялі праз тры з паловай месяца з дня абвяшчэння прысуду.

Па 18 месяцаў правялі ў камеры смяротнікаў “чорныя рыэлтары” з Магілёва Сямён Беражной і Ігар Гершанкоў16 месяцаў – адзін з банды забойцаў на аўтадарогах Ігар Мялік.

Колькі часу асуджаныя да смяротнага пакарання чакаюць вынясення прысуду?

У сярэднім – 11 месяцаў

Усяго растраляна за 10 год ( з 2009 па 2019) – 23 чалавекі;

Меней за паўгады – 2 чалавекі (8,7%);

Да аднаго года - 14 чалавек (60,9%);

Больш 1 года  - 7 чалавек. (30,4%);

Трагічны лёс Мікалая Цярэні, расстралянага за чужыя забойствы, сведчыць пра недасканаласць беларускай судова-прававой сістэмы і прымушае задумацца: ці варта спяшацца прыводзіць прысуд у выкананне?

          Чытаць па тэме: Каго растралялі з-за памылкі ў СССР?

Фота

Мікалай Цярэня. Фота: kp.by
 
 
https://dp.spring96.org/be/news/91891

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты