Навіны

115 гадоў з дня нараджэння Янкі Шутовіча

Беларускі грамадска-культурны дзеяч, выдавец, літаратуразнавец Янка Шутовіч нарадзіўся 24 студзеня 1904 году ў вёсцы Шутавічы Ашмянскага павету (цяперашні Смаргонскі раён). З гэтай мясцовасці паходзіў і беларускі каталіцкі святар Віктар Шутовіч, родны дзядзька Янкі Шутовіча. Зямля Смаргоншчыны дала Беларусі многа выдатных дзеячаў у розных сферах нацыянальнага адраджэння. Напэўна на фармаванне іх свядомасці значны ўплыў рабіла блізкасць нашай культурнай сталіцы – Вільні. Янка Шутовіч таксама навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі, а потым у 1934 годзе скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэту, атрымаўшы дыплом магістра права.

Шутовіч працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Францішка Скарыны. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу і Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры, сябрам партыі хрысціянскіх дэмакратаў. У 1935-39 гадах выдавец і рэдактар часопісаў “Калосьсе”, “Шлях моладзі”, “Студэнцкая думка”. Сам друкавацца пачаў яшчэ ў 1927-ым годзе.

У пачатку 1939-га Шутовіч быў арыштаваны тагачаснымі польскімі ўладамі. Быў зняволены ў Бяроза-Картузскім лагеры. Вызваленне наступіла з прыходам у верасні 1939-га савецкага войска. Янка Шутовіч зноў вярнуўся ў Вільню. З лютага 1941-га да лістапада 1944-га працаваў загадчыкам Беларускага музея ў Вільні. Хаваў ад вывазу экспанаты ў сутарэннях касцёлу Святога Міхала пад апекай беларускага ксяндза Адама Станкевіча.

Шутовіч быў арыштаваны органамі НКГБ 19 лістапада 1944 году. Рашэннем Асобай нарады прысуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Высланы да Унжлагу (Горкаўская вобласць Расеі), пасля да Пясчанлагу (Карагандзінская вобласць, Казахстан). Вызвалены з савецкага канлагеру толькі 28 жніўня 1954 году. Але яшчэ да красавіка 1956-га знаходзіўся ў высылцы ў Карагандзе і Сарані Карагандзінскай вобласці.

Але ўсё ж Янка Шутовіч нібы быў знітаваны лёсам з Вільняй. Пасля высылкі ён зноў вярнуўся менавіта сюды. З 1957-га працаваў пажарнікам і вартаўніком у Віленскім дзяржаўным мастацкім музеі. У гэты музей трапілі многія экспанаты з колішняга Беларускага музею. Урэшце Шутовіч быў рэабілітаваны 25 красавіка 1958 году.

Разам з жонкай, летувіскай паэткай Онай Міцютэ, Янка Шутовіч займаўся перакладамі твораў летувіскіх і беларускіх пісьменнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі Максіма Гарэцкага “Віленскія камунары”. Сярод неапублікаванай спадчыны застаўся вялікі нарыс пра Міхала Забэйду-Суміцкага. Знайшоў і перахоўваў дзённік Адама Станкевіча, перад смерцю зрабіў некалькі копіяў і раздаў розным надзейным людзям.

Архіў Янкі Шутовіча зараз знаходзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа беларускай Акадэміі Навук.

Памёр руплівец беларускай справы Янка Шутовіч 9 снежня 1973 году. Пахаваны на могілках у Павільнісе. Памяць пра яго ў Беларусі ніяк не ўшанавана, на малой радзіме ў Шутавічах, што побач з Залессем і раённым цэнтрам Смаргоні ніякіх памятных слядоў таксама няма.

 

 

24.01.2019

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты