Навіны

Скаргу Сяргея Верамеенкі не задаволілі

24-га студзеня 2019-га году ў абласным судзе Гародні адбыўся разгляд касацыйнай скаргі вядомага гарадзенскага грамадска-палітычнага актывіста Сяргея Верамеенкі.

Актывіст абскардзіў рашэнне Свіслацкага раённага суда, дзе яго абвінавацілі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і аштрафавалі па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь на 15 базавых велічынь (367,5 руб.)

Суддзя Уладзімір Янкоўскі не прыняў адвод Верамеенкі суду, які Сяргей Верамеенка абгрунтаваў тым, што дадзены суддзя ўжо вёў падобныя справы і вынік іх вядомы.

Таксама сад адхіліў хадайніцтва актывіста каб працэс вёўся па-беларуску, спаслаўшыся на двухмоўе.

Сяргей Верамеенка заявіў, што не згодны з выракам, паколькі лічыць, што ён ушаноўваў памяць беларускіх герояў, удзельнікаў паўстання 1863-64-га гадоў, і ніякіх дазволаў для гэтага ні ў каго браць не трэба. І прывёў прыклады, калі да іншых помнікаў, нават такіх як Ленін, Сталін, ці Чапаеў, які стаіць пад вокнамі Гарадзенскага абласнога суда таксама ўскладаюць кветкі, але гэтых людзей ніхто не затрымлівае. Затрымліваюць і судзяць толькі тых, хто ўшаноўвае памяць беларускіх нацыянальных герояў.

Суд вынес прадказальнае рашэнне і пакінуў рашэнне Свіслацкага раённага суда без зменаў.

Чарговы разгляд у Гарадзенскім абласным судзе касацыйнай скаргі па Свіслацкай справе адбудзецца ў аўторак, 29-га студзеня, у 15.00. Будзе разгляд скаргі Мікалая Саляніка.

24.01.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты