Навіны

150 гадоў з дня нараджэння Адама Гурыновіча

Беларускі паэт, фалькларыст, удзельнік дэмакратычнага руху Адам Гіляры Гурыновіч нарадзіўся 25 студзеня 1869 года ў фальварку Кавалькі Вялейскага павету (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Яго бацька Каліст Гурыновіч паходзіў з роду пятнаццатага стагоддзя гербу “Праўдзіц”. Іх продкі былі выхадцамі з Арабіі, татарамі-мусульманамі і раней мелі прозвішча Гурын. Маці Адама Гурыновіча паходзіла з вядомага гетманскага роду Сіняўскіх.

Адам рана асірацеў, бацька памёр, калі хлопчыку было толькі сем гадоў. У 1879-1887 гадах Гурыновіч вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы. Разам з братамі і сёстрамі жыў на Пірамонцкім завулку ў Вільні. У 1887-1893 гадах вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. З-за хваробы вучоба перапынялася, бо ў снежні 1887 года ён захварэў на тыфус і знаходзіўся ў Аляксандраўскім гарадскім шпіталі. Увосень 1888 г. пачаў заняткі зноў з першага курса.

Адам Гурыновіч у студэнцкія гады праводзіў фальклорна-этнаграфічныя зборы. У 1890 годзе пераслаў свае запісы ведамаму навукоўцу Яну Карловічу ў Варшаву. Гэтыя матэрыялы былі выдадзеныя пазней у 1893 годзе ў Кракаве. Пэўны час Гурыновіч узначальваў створаны ў 1889 годзе нелегальны “Гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларасійскай”, які аб’ядноўваў пецярбургскіх студэнтаў і быў звязаны з Георгіем Пляханавым. На фармаванне светагляду Гурыновіча зрабіў уплыў марксізм, а таксама ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і народнікаў 1880-ых гадоў, у тым ліку беларускай суполкі “Гоман”.

16 чэрвеня 1893 года Гурыновіча расейскія царскія спецслужбы арыштавалі у Вільні, дзе ён збіраўся спаткацца з Станіславай Пяткевіч, яго даставілі ў Пецярбург, дапытвалі.  Адседзеў некалькі дзён ў доме папярэдняга зняволення, потым прасядзеў у зняволенні з паўгоду ў Петрапаўлаўскай крэпасці. З прычыны хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль.

Пісаў Гурыновіч на беларускай, польскай, расейскай мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Францішка Багушэвіча. Асноўная частка творчасці паэта – беларускамоўныя вершы. Выступаў супраць нацыянальнага ціску і клерыкалізму. Пры жыцці яго паэтычныя творы не друкаваліся, але ў часопісе “Wisła” былі надрукаваныя народныя песні, этнаграфічныя матэрыялы. Праца Гурыновіча “Зборнік беларускіх твораў (З Вішнеўскай воласці, Жодзінскай парафіі, Сьвянцянскага пав. Віленскай губерні)” была надрукаваная ў часопісе Кракаўскай акадэміі навук “Zbor wiadomosci do antropologii krajowej”. Вядомы Гурыновіч і як перакладчык – твораў Франко, Ажэшкі, Міцкевіча, Някрасава, Талстога, Пушкіна, Крылова, ды іншых. Упершыню творы Адама Гурыновіча з уступным артыкулам апублікаваў Браніслаў Тарашкевіч у 1921 годзе ў газеце “Беларускі звон”.

Памёр Адам Гурыновіч ад чорнай воспы ў сваім фальварку Крыстонопаль (цяпер на тэрыторыі Вялейскага раёна) 4 лютага (паводле іншых звестак 26 ці 29 студзеня 1894 года). Паэту было толькі дваццаць пяць гадоў. Пахаваны на Крыстынопальскіх могілках (цяпер могілкі суседняй вёскі Золькі).

У гонар Адама Гурыновіча ў Вялейцы названая вуліца, а ў Мядзелі – завулак. 14 снежня 2007 года ля вёскі Золькі (Вялейскі раён) на тэрыторыі былога фальварку грамадскасць адкрыла памятны знак (шыльда на камяні, аўтар праекту Анатоль Капцюг) аднаму з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры.

25.01.2019

праваабарончыя сайты