Навіны

Інтэлігенты адышлі

Пасля заканчэння ўніверсітэта я вярнуўся ў родны Слонім. Тут яшчэ жылі цудоўныя, адукаваныя, інтэлігентныя людзі, якіх я бачыў, слухаў, вучыўся ў іх жыць. Сярод усіх землякоў перад вачыма і сёння стаяць постаці заходнебеларускага паэта Анатоля Іверса, якога выганялі з трох гімназій пры Польшчы за палітычную дзейнасць, заснавальніка Слонімскага беларускага драматычнага тэатра Мікалая Варвашэвіча, які любіў беларускую драматургію, асабліва сцэнічныя камедыі і з радасцю іх ставіў на сцэне. Прыгадваецца мне асоба вясковага паэта Алеся Сучка. Ён пры Польшчы патрабаваў беларускіх школ і сядзеў у турмах. Па суседству са мной на Брэсцкая вуліцы жыў побач інтэлігент Васіль Супрун. Ён любіў археалогію, быў у пасляваенны час кіраўніком падпольнай арганізацыі “Чайка”, за што прайшоў сталінскія лагеры. У вачах стаіць сціплы і мудры настаўнік Уладзімір Шундрык, які пісаў вершы, краязнаўчыя нарысы. А пасля ў Слонім прыехаў незабыўны і інтэлігентна-шляхетны прафесар Алег Лойка. З ім можна было гутарыць бясконца на самыя розныя тэмы, асабліва пра Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Адама Міцкевіча. О, Божа, як было з ім цікава пасядзець і размаўляць бясконца пра Беларусь. З Алегам Антонавічам у Слоніме я скончыў другі ўніверсітэт. А ў вёсцы Вецявічы, пасля трагедыі з сынамі, жыў доктар філалагічных навук шчыры інтэлігент Мікола Арочка з жонкай Марыяй Іванаўнай. Марыя Іванаўна, дзякаваць Богу, яшчэ жыве пад наглядам унука ў Мінску. А дзядзькі Міколы ўжо няма. Таго самага Міколы Арочкі, які напісаў славутыя драматычныя паэмы “Курганне”, “Крэва”, “Судны дзень Скарыны”, “Каранацыя Міндоўга”. Толькі такія вялікія паэты і інтэлігенты, як Мікола Арочка, маглі напісаць радкі:  
Я веру, утрапёны, ў моц літання.  
Чысцее ў маіх сценах і ў душы...  
Ты ж перамог, Ісусе, на крыжы,  
Каб Дом мой абмінула  
ўкрыжаванне!  
Стаіць у вачах і рана пакінуўшы гэты свет празаік-афганец Іван Сяргейчык. Яго часта сустракаў на слонімскіх вуліцах з дыпламатам у руцэ. Мы спыняліся і доўга гутарылі пра жыццё і літаратуру. Толькі сёлета яму споўнілася б 70. А 13 гадоў яго ўжо няма.  
Не забывалі родны горад над Шчарай кандыдат філалагічных навук, паэт і літаратуразнавец Іван Чыгрын, высокі, інтэлігентны, мудры і прыгожы чалавек, які заўсёды цікавіўся жыццём на Слонімшчыне. Некалі ў мяне напісаліся яму прысвечаныя радкі:  
Забягу да Івана Пятровіча,  
І размова нас верне дамоў:  
З Чамяроў нашых да Бярдовічаў,  
А з Бярдовічаў да Чамяроў…  
Не мінаў маленькую радзіму і славуты перакладчык-зямляк Уладзімір Сакалоўскі. І я любіў гасціць у яго мінскай кватэры, якая падобная была на музей карцін, кніг, розных рарытэтаў.  
А калі прыязджаў на Слонімшчыну вясёлы, смелы, шчыры і інтэлігентны зямляк Сцяпан Міско, то забягаў да мяне ў рэдакцыю раённай газеты, дзе я тады працаваў. Але пры сустрэчах ён ніколі пра сябе не расказваў. А калі я наведваў Мінск, то заходзіў да яго на працу ў Кніжную палату на праспекце Машэрава, 11. Аднойчы я асмеліўся і запытаўся ў яго: «А ці праўда, Сцяпан Міхайлавіч, што гэта вы напісалі радкі пра былога міністра культуры СССР Фурцаву?». Сцяпан Міхайлавіч усміхнуўся і нагадаў гэтыя радкі:  
Я нічога не баюся —  
Я на Фурцавай жанюся:  
Буду шчупаць цыцкі я  
Самыя марксісцкія!  
Такая прыпеўка-жарт была дарэчы, бо кандыдат мастацтвазнаўства, культуролаг з Чамяроў Сцяпан Міско ўсё сваё жыццё аддаў гісторыі тэатра. А многія рэспубліканскія пытанні тады ў тагачаснай савецкай імперыі без Масквы не вырашаліся. А культуру на «необъятных просторах СССР», сапраўды, курыравала таварыш Фурцава. Таму ажыццявіць беларускія культурныя планы такім людзям як Сцяпан Міско так і не ўдалося. Проста ім не давалі. А гэтых планаў было шмат.  
Зусім маладым пакінуў Слонім і вядомы на ўсю Беларусь доктар і грамадскі дзеяч, прыгожы слонімскі інтэлігент Іван Шэга. Калі сумна мне бывала, я забягаў да яго, а з ім сумаваць ніколі не прыходзілася.  
Самым апошнім слонімскім інтэлігентам быў скульптар Леанід Богдан з якім лёс абыйшоўся даволі жорстка. Спакойны, разважлівы, шчыры і памяркоўны Леанід часта заходзіў да мяне на працу і гадзінамі мы гутарылі пра гісторыю роднага горада, а таксама часта вандравалі з ім па роднай слонімскай зямлі…  
Спіс слонімскіх інтэлігентаў можна яшчэ працягваць. Я іх памятаю, я з імі сябраваў, шмат пра іх напісаў, захоўваю іх падарункі і кнігі з аўтографамі, пісьмы і паштоўкі і часта ўспамінаю. Гэта былі сапраўдныя інтэлігенты, людзі вялікай культуры, адукаваныя і прыстоўныя ва ўсіх адносінах. Усе яны адышлі, пакінулі гэты свет. І іх сёння так мне не хапае. І без іх неяк сумным стаў мой Слонім. На жаль…

Сяргей Чыгрын

26.01.2019

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты