Навіны

Суддзя Андрэй Ліхач прадказальна не задаволіў скаргу Мікалая Саляніка (фота)

29 студзеня ў Гарадзенскім абласным судзе адбыўся "разгляд" апошняй скаргі грамадскіх актывістаў па "свіслацкіх" карных працэсах. Суддзя Андрэй Ліхач прадказальна не задаволіў скаргу старшыні абласной арганізацыі Партыі АГП Мікалая Саляніка.

Такім чынам аніводная з 7 касацыйных скаргаў грамадскіх актывістаў па свіслацкіх адміністрацыйных справах і выніклых з іх вялізных штрафаў не задаволена. Напомнім, што агулам суддзі Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін і Жанна Салагубік аштрафавалі 8 чалавек на агульную суму 140 базавых (!) велічынь.

Мікалай Салянік заявіў суддзю Ліхачу адвод, які ён таксама прадказальна не задаволіў. Суддзя паспрабаваў выканаць звыклы фармальны сцэнар "разгляду" касацыйнай скаргі, аднак Мікалай Салянік у цвёрдай форме выказаў усё, што ён думае пра сістэму цяперашніх судоў і іх выключна карную функцыю. Мікалай Салянік зноў прыйшоў у суд з некалькімі асобнікамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у розных рэдакцыях і рэзонна апеляваў да асноўнага Закону дзяржавы, які сістэмна парушаецца менавіта дзяржаўнымі органамі ўлады.

Мікалай Салянік публічна падкрэсліў суддзю Андрэю Ліхачу пра ўсю абсурднасць і ганебнасць такіх адміністрацыйных працэсаў, у выніку якіх людзей, грамадскіх актывістаў караюць за іх погляды і патрыятычную пазіцыю. Салянік падкрэсліў, што нават у савецкі час Кастусь Каліноўскі і іншыя кіраўнікі вызвольнага паўстання шанаваліся і да іх помнікаў можна было ўскладаць кветкі. Сённяшняя ж улада пазбавіла грамадзян краіны, і найперш беларусаў - карэнную нацыю, нават такога права.

Мікалай Салянік прывёў прыклад з гісторыі сваёй сям'і, у якой у час Другой сусветнай вайны загінула ажно трое блізкіх яго сваякоў. "Няўжо за такія парадкі, якія вы ўсталявалі зараз, яны змагаліся?!" - рытарычна пытаўся Салянік у суддзі.

Мікалай Салянік папярэдзіў асабіста суддзю Ліхача і нават сакратарку судовага паседжання пра іх асабістую персанальную адказнасць за тое прававое бязмежжа, якое творыцца зараз у судах Рэспублікі Беларусь. Салянік заявіў, што ён, як кіраўнік абласной структуры дэмакратычнай партыі мусіць папярэджваць усіх, хто парушае Канстытуцыю і іншае заканадаўства Рэспублікі Беларусь пра адказнасць за лёс краіны. Ён выказаў думку, што такая рэпрэсіўная палітыка дзяржаўных структур, у тым ліку судоў, можа прывесці да сур'ёзных грамадзянскіх канфліктаў. І адказнасць за распальванне такіх грамадзянскіх канфліктаў і сацыяльнай варожасці ляжыць не толькі на кіраўніку дзяржавы, але і на ўсіх выканаўцах рэпрэсій - прадстаўніках міліцыі, судоў, усёй уладнай "вертыкалі".

Падтрымаць Мікалая Саляніка прыйшлі іншыя грамадскія актывісты і пару журналістаў.

29.01.2019

праваабарончыя сайты