Навіны

План на штрафы і апазіцыя

І што, думаеце няма аніякай сувязі паміж апазіцыяй і запланаванымі ў Беларусі 100 мільёнамі рублёў на штрафы? Ну як гэтага можа не быць, калі ў планавай эканоміцы ўсё запланавана ды зафіксавана. І штрафы, і апазіцыя, і сувязь паміж імі, і ўсё астатняе.

У планавай эканоміцы нічога не адбываецца без плану. Тут і спрачацца не варта, ды і няма з кім, бо ўсе з гэтым згодны. Не ўсе згодны, што такая мадэль эканомікі ўвогуле павінна існаваць, але калі яна ёсць, то план – галоўны яе рухавік, ён жа галоўная мэта, і ён жа абавязковы прымус да выканання сябе самога іншымі. Як казалі нашы людзі яшчэ пры Савецкім Саюзе, раней прымушаў пан, ну а зараз план.   

Планавая эканоміка ад таго, што яна спланаваная, выдатна ведае ўсё наперад. І да бабкі хадзіць не трэба. Ды пры такой эканоміцы няма і калі расходжвацца. Бо там распісаная кожная хвіліна жыцця, а таксама кожная дробязь, ды рэчы важныя таксама. І колькі бульбы сабярэ нейкі там не сама перспектыўны калгас запланавана, і колькі выбарцаў прыйдуць на выбарчыя дзяльніцы і за каго прагаласуюць распісана, і нават, калі гэтая планавая эканоміка ляснецца і больш не падымецца, зафіксавана. Апошняе трымаецца ў сакрэце галоўнымі стваральнікамі такога плану. Як бы мовіць запланавана нават ступень трываласці такой сістэмы і тэрмін людскога цярпення да яе таксама пралічаны дэталёва.

Сённяшняя Беларусь – яскравы прыклад такой мадэлі. Вось толькі колькі не плануй, а жыццё падкідвае сюрпрызы. Запланавалі збор з дармаедаў, а дармаеды яго не маюць. Колькасць па дармаедах выкананая, выканаўцы дармаедаў налічылі колькі ім сказалі, а вось па іх унёску ў планавую эканоміку не зусім па плане пайшло. І што рабіць? Не скарачаць жа з-за дармаедаў колькасць АМАПу. Наадварот, тыя дармаеды паказалі, што АМАП павялічваць трэба паралельна з павелічэннем колькасці дармаедаў. Каб на аднаго такога непаслухмянага і непрацаўладкаванага дармаеда працаўладкаваць хоць бы некалькі паслухмяных супрацоўнікаў. А то дысбаланс адбудзецца паміж працаўладкаванымі і тымі, хто без працы сядзіць і яшчэ плаціць ў казну не хоча.

Ну а дзе ўзяць запланаваныя з дармаедаў грошы? Ну ясна дзе, узяць з тых, хто плаціць не адмаўляецца. І вось наша мадэль планавай эканомікі праяўляе цуды гнуткасці і эластычнасці ды запланоўвае на бягучы год 100 мільёнаў рублёў штрафаў. І толькі недасведчаныя ў цудах такой эканомікі людзі могуць падумаць, што калі грамадзяне нічога не парушаць, то і на гэты год план дасць збой. Нічога падобнага! Пры такой мадэлі эканомікі дзейнічае ўзятае ўжо з палітычнага поля правіла, што быў бы чалавек, артыкул знойдзецца. Бо не чалавек, а за чалавека думаюць, парушыў ён што, ці не.

Ну давайце ўявім, што ўсе беларусы, каб пазбегнуць штрафу, на зіму “пераабуюць” свае машыны ў зімовыя шыны. Ну і што?! Адпаведныя службы прарэагуюць і выпусцяць указ браць штраф з тых, хто сам не пераабуўся ў зімовыя боты з адпаведным пратэктарам. І гэта ж для людскага дабра. А то будуць коўзацца на лысых падэшвах, гузакоў сабе панабіваюць. А так заплацяць штраф, і пераабуюцца. І ім добра, і план выконваецца.

Ды ці мала прыдумаць можна з чаго штрафы здзерці. Выйдзе ў мароз чалавек без шапкі, штраф яму ў плечы ў суме роўнай кошту бабровай вушанкі! Лепш хай дапамагае краіне план выконваць, чым у шпіталі валяцца будзе. А можна як у тым Савецкім Саюзе падобны клопат пра народ ад імя народа і падаваць. Маўляў, па шматлікіх просьбах працоўных уводзім чарговы штраф за тое, што ў цябе на працягу года не было штрафаў. Бо неяк сацыяльна несправядліва атрымліваецца, адны плацілі штрафы, дапамагалі выканаць ураду план і папоўніць казну, а іншыя праігнаравалі гэты грамадзянскі абавязак. І назваць гэты штраф можна карай за адсутнасць сумлення.

Як бы гэта смешна не гучала, але пакуль што прадказанні гумарыстаў збываюцца не менш чым і ў астролагаў. А тое, што падобных штрафаў яшчэ няма, хіба што тлумачыцца тым, што ў Беларусі ёсць адпаведная колькасць апазіцыянераў, якія сваімі штрафамі пакрыюць той план з лішкам. Так што ўраду разам з павелічэннем плану на штрафы, трэба запланаваць павелічэнне колькасці апазіцыі. І тады, паверце, усё будзе ў парадку.

Віктар Сазонаў


30.01.2019

праваабарончыя сайты