Навіны

90 гадоў з дня нараджэння Анатоля Грыцкевіча

Беларускі гісторык Анатоль Грыцкевіч нарадзіўся 31 студзеня 1929 года ў Мінску. Аднак сваёй малой радзімай лічыў гістарычную Случчыну. Невыпадкова адна з яго навуковых працаў – гісторыка-эканамічны нарыс “Слуцк”, які вытрымаў два выданні. У сучасным Нясвіжскім раёне ёсць вёска Грыцкевічы, а ў Капыльскім раёне – вёска Грыцэвічы. Раней гэтыя мясцовасці якраз уваходзілі ў Слуцкі павет.

У 1950 годзе Анатоль Грыцкевіч скончыў Мінскі медыцынскі інстытут, у 1955 годзе – Мінскі педагагічны інстытут замежных моваў, а ў 1958 годзе – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Атрымаў такім чынам ажно тры вышэйшыя адукацыі. Вельмі рознабакова адукаваным быў і яго старэйшы брат – Валянцін Грыцкевіч, які таксама вельмі шмат зрабіў для беларускай навукі, хоць большую частку дарослага жыцця правёў у Пецярбургу.

Некаторы час Анатоль Грыцкевіч працаваў лекарам. З 1959 года – у інстытуце гісторыі Акадэміі Навук Беларусі. З 1975 года – загадчык катадры Мінскага інстытуту культуры (з 1993 года – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры). Адначасна ў 1996-2000 гадах быў дырэктарам Беларускага інстытуту Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У 1963 годзе напісаў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Сацыяльна-эканамічнае развіццё прыватнаўласніцкага гораду Беларусі ў XVI—XVIII стст.”. У манаграфіях “Частновладельческие города Белоруссии в ХVI—ХVIII вв.” (год выдання 1975-ы), “Социальная борьба горожан Белоруссии в ХVI—ХVIII вв.” (1979) вызначыў колькасць прыватнаўласніцкіх местаў, іхнія тыпы, ровень эканамічнага развіцця, сістэму кіравання, іхнюю ролю як вайсковай апоры, грунтоўна аналізаваў Магдэбургскае права. У 1984 годзе напісаў доктарскую дысертацыю на тэму “Сацыяльна-эканамічнае развіццё прыватнаўласніцкіх гарадоў Беларусі ў XVI—XVIII стагоддзях”. У 1986 годзе стаў доктарам гістарычных навук. У 1996 годзе атрымаў міжнароднае прызнанне, стаўшы членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Анатоль Грыцкевіч даследаваў гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, прыватнаўласніцкія месты, гістарыяграфію. Вывучаў рэлігійныя праблемы ў Вялікім Княстве Літоўскім, становішча праваслаўнай царквы, уніяцкай царквы. Таксама даследаваў гісторыю Беларусі ў час барацьбы за незалежнасць, абвешчання БНР, Слуцкі збройны чын, беларуска-летувіскія дачыненні. Аўтар публікацыяў па гісторыі шляхецкага стану, генеалогіі шляхты і выбранцаў. Адной з апошніх прац гісторыка была брашура да 500-годдзя бітвы пад Воршай. Усяго ў яго выйшла каля 10 манаграфій і звыш 1300 артыкулаў.  

Анатоль Грыцкевіч заўсёды меў актыўную грамадскую пазіцыю, быў сярод заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, пазней уваходзіў у Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ. Шмат разоў уваходзіў і працаваў у розных аргкамітэтах па святкаванні юбілеяў і круглых угодкаў айчыннай гісторыі. Уваходзіў у Раду беларускай інтэлігенцыі. Пэўны час узначальваў Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. 

Незадоўга да смерці ў гісторыка здарыўся інсульт, развілася сардэчная недастатковасць. Памёр Анатоль Грыцкевіч у Мінску 20 студзеня 2015 года. Пахаваны пасля крэмацыі ў магіле маці на сталічных Усходніх могілках.

За тры гады да смерці ў бібліятэчнай серыі “Беларускі кнігазбор” выйшла кніга выбраных працаў гісторыка. Пазней у серыі “100 выдатных дзеячаў” з друку выйшла прысвечаная яму кніжка аўтарства Анатоля Тараса.

 

31.01.2019

Відэа

праваабарончыя сайты