Навіны

Ці прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў, якія не далі годна адзначыць Дзень волі?

Грамадская актывістка з Дуброўны, сябра АГП  Наталля Стрэльчанка 25 сакавіка 2018 г. а 6-20 ранку была затрымана супрацоўнікамі РАУС на вуліцы горада. У гэты час яна ішла на грамадскі транспарт, каб накіравацца на святкаванне Дня волі ў Менск.

Як пазней высветлілася, нейкі грамадзянін К. увечары мінулага дня падаў заяву ў РАУС пра тое,  што, магчыма (!), Наталля Стрэльчанка распаўсюджвае ў адносінах да яго “паклёпніцкія чуткі”.

Відавочна, зранку 25 сакавіка 2018 за Наталляй было арганізавана сачэнне, бо начальству РАУСа, як толькі яна выйшла з дому, “паступіла інфармацыя”, што яна ідзе па вуліцы.  Ну і гэта навіна так  узрадавала, што вырашылі аператыўна, амаль з 6 гадзін ранку распачаць “адміністрацыйны працэс”.

Цікава, што пра нагоду для затрымання ўжо праз 10 хвілін пасля яго забыліся. Як толькі безабаронная дзяўчына пераступіла парог РАУС, то стварыла новую нагоду для затрымання – паспрабавала зрабіць фотаздымак абстаноўкі дастаўлення ў міліцыю. Але аказалася, што актывістка патрапіла не проста у РАУС, а ў рэжымную ўстанову, у якой таемнай інструкцыяй МУС забаронена ў такіх мэтах грамадзянам даваць магчымасць выкарыстоўваць мабільныя тэлефоны. Ну і аформілі пратаколам, што не выканала як быццам законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі – спыніць фотаздымку, хаця ніводнай выявы сваёй установы ў мабільным тэлефоне затрыманай не знайшлі. 
Далей сталі “рыхтаваць” яе да суда паводле пратакола. Як сцвярджае Наталля Стрэльчанка, зрабілі яе асабісты вобшук з поўным распрананнем і відэазапісам гэтага працэса. А пасля яшчэ і не кармілі да суда, які праходзіў з 11-й да 15-й гадзіны.

Тут дадалася яшчэ цікавая акалічнасць. Паводле закону ўтрымліваць у пастарунку да суда можна грамадзян, якім за адміністрацыйнае правапарушэнне пагражае пакаранне ў выглядзе арышту на пэўныя суткі. У той жа час такое пакаранне нельга ўжываць да грамадзян, якія маюць непаўналетніх дзяцей. А ў затрыманай такія дзеці ёсць. Таму відавочна, што яе ўтрыманне да суда ў пастарунку трэба лічыць незаконным.

Неабгрунтаванае затрыманне на вуліцы, асабісты вобшук, утрыманне пад вартай звыш трох гадзін, ды яшчэ без ежы, грамадская актывістка лічыць абыходжаннем, якое зневажае чалавечую годнасць. А гэта забаронена як беларускім, так і міжнародным заканадаўствам

Звароты Наталлі Стрэльчанкі ў структуры Следчага камітэта і сам камітэт аб прыцягненні вінаватых да адказнасці за мяркуемае злачынства да станоўчага выніку не прывялі. Следчыя лічаць, што ўсе дзеянні ў адносінах да яе адбываліся ў рамках разгледжанага судом адміністрацыйнага працэсу, якім яна прызнаная вінаватай, а яе скаргі вышэйстаячымі судовымі органамі прызнаныя неабгрунтаванымі.
Але рашэнне структур Следчага камітэта Наталля лічыць звычайнымі адпіскамі, падмацаванымі міліцэйскай салідарнасцю. Таму 28 студзеня 2019 г. актывістка абскардзіла дзеянні Дубровенскага падраздзялення Следчага камітэта ў раённы суд. У скарзе яна выклала аргументы павярхоўнага разгляду яе скаргі следчымі і запатрабавала абавязаць іх правесці грунтоўную праверку звароту ў гэтую структуру.

Трэба адзначыць, што на гэтым Наталля Стрэльчанка вырашыла не спыняцца. У выпадку, калі і суд яе не падтрымае, яна мае намер звярнуцца па абарону ў Камітэт ААН па правах чалавека, дзе адказчыкамі будуць не міліцыянты, суддзі ды следчыя, а Рэспубліка Беларусь як гарант законнасці іх дзеянняў. 

31.01.2019

Відэа

праваабарончыя сайты