Навіны

Руслан Гурын аштрафаваў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава на 30 базавых кожнага (фота)

1 лютага суддзя Руслан Гурын аштрафаваў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава на 30 базавых кожнага. Пастанова была зроблена паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь - незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі.

Адміністрацыйны працэс у дачыненні да журналістаў-фрылансераў прайшоў у судзе Ленінскага раёну Гародні і быў непрацяглым - заняў з перапынкам крыху больш гадзіны.

Справа датычыць сюжэту на тэлеканале Белсат, дзе расказвалася пра даследзіны гісторыкамі старажытных сутарэнняў Гародні і магчымае выкарыстанне іх як турыстычнай цікавосткі.  

На працэсе УУС гораду прадстаўляў Вадзім Налівайка. Падтрымаць фрылансераў у суд прыйшлі 5 калег-журналістаў і тры грамадскія актывісты. Але ў маленькай залі разгляду было досыць цесна. На рэзонныя звароты і патрабаванні да сакратаркі суда, прадстаўніка міліцыі, які быў у залі, а таксама суддзі Гурына забяспечыць парадак у залі і паставіць у ёй вешалку для верхняй адзежы, было адмоўлена.

На пачатку разгляду справы Вадзім Налівайка заявіў хадайніцтва аб перапынку, у час якога прадстаўнікі міліцыі павінны былі зрабіць змены ў пратакол. Суддзя задаволіў гэтае хадайніцтва.

Працэс прадоўжыўся пасля 15-хвіліннага перапынку. Алесь Дзянісаў заявіў хадайніцтва аб выкліку яшчэ аднаго сведкі - міліцыянта Кашкевіча, які фігураваў у пратаколе нібыта як эксперт. Аднак суддзя Гурын, не адмовіўшы наўпрост, не захацеў задаволіць гэтае хадайніцтва. Пазней Дзянісаў не стаў настойваць на такім выкліку.

Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч адмовіліся ў судзе ад тлумачэнняў. Як сведкі выступалі малодшы навуковы супрацоўнік Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея Іван Лялевіч і журналіст-фрылансер Руслан Кулевіч.

Іван Лялевіч перад гэтым даў паказанні ў пратаколе апытання міліцыяй. На судзе ён пацвердзіў, што даваў інтэрв'ю Кіркевічу і Дзянісаву. Руслан Кулевіч папярэдне адмовіўся даваць сведчанні ў пратакол, а на судовым паседжанні патлумачыў, што раздаў за апошнія месяцы вельмі шмат інтэрв'ю з нагоды выхаду аўтарскай кнігі і таму не памятае дакладна, каму з прадстаўнікоў медый і калі ён даваў каментары.

Пасля кароткага перапынку Руслан Гурын агучыў сваю карную пастанову.

Суддзя Гурын сумнавядомы ў ліку суддзяў суда Ленінскага раёну, якія афармляюць карныя пастановы ў дачыненні да грамадскіх актывістаў. Так, у 2017 годзе ён засудзіў двух чалавек да адміністрацыйнага арышту і трох - да штрафаў; у 2018 годзе - двух чалавек да штрафаў. Журналістаў Гурын зараз судзіў упершыню ў сваёй кар'еры.

01.02.2019

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты