Навіны

«Дайце кнігу скаргаў», або Як падаць зварот у Камітэт па правах чалавека ААН

«Дайце кнігу скаргаў», або Як падаць зварот у Камітэт па правах чалавека ААН

 

Сталі ахвярай міліцэйскага свавольства? Суддзя заплюшчыщ вочы на парушэнні працэсуальных дзеянняў і вынес рашэнне не на вашу карысць? Вас затрымалі міліцыянеры, не давалі вады і не пускалі ў туалет?

У прававым лікбезе ад "Вясны" расказваем, што такое Камітэт па правах чалавека, як туды паскардзіцца на Беларусь і які для гэтага трэба пракласці шлях.

Што такое Камітэт па правах чалавека ААН?

Камітэт па правах чалавека ААН - міжнародная арганізацыя, якая сочыць за выкананнем дзяржавамі-удзельніцамі палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Камітэт складаецца з 18 незалежных членаў, якія не могуць атрымліваць ніякіх рэкамендацый або указанняў ні ад дзяржаваў, ні ад ААН або іншых міжнародных органаў. Камітэт не з'яўляецца судовым органам, тым не менш яго працэдуры падобныя да судаводзтва.

КПЧ працуе на сесіях, якія праходзяць два разы на год, і прымае рашэнне па індывідуальных зваротах большасцю галасоў, у прысутнасці не менш за 12 членаў.

 Хто можа туды звяртацца?

У КПЧ могуць звяртацца толькі фізічныя асобы ў індывідуальным парадку.

Так як Беларусь ратыфікавала Факультатыўны пратакол да Пакта, які рэгулюе падачу і разгляд індывідуальных зваротаў, у КПЧ могуць звяртацца грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне, якія пражываюць або знаходзяцца на тэрыторыі краіны, што адчуваюць сябе ахвярамі парушэння дзяржаўным органам аднаго або некалькіх правоў, замацаваных у Пакце.

Калі ахвяра парушэння правоў чалавека дзяржавай-удзельніцай адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, Камітэт прымае звароты ад членаў яго ці яе сям'і, а таксама ўпаўнаважаных прадстаўнікоў па даверанасці.

Аб парушэнні дзяржавай якіх правоў можна паведамляць Камітэту?

Зварот можа тычыцца толькі індывідуальнага рашэння, вынесенага дзяржаўным органам, якое - на вашу думку - парушае вашыя правы чалавека, гарантаваныя ў Пакце.

Гэта ніжэй прапісаныя правы:

  • Права на жыццё (арт. 6, уключае таксама прынцыпы вынясення рашэнняў і прывядзення ў выкананне смяротнага пакарання, памілавання і змены пакарання);
  • Забарона катаванняў або жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання або пакарання (арт. 7);
  • Забарона рабства і гандлю рабамі (арт. 8);
  • Права на свабоду і асабістую недатыкальнасць (арт. 9, датычыцца правоў асобы, якая зазнала затрыманне або арышт);
  • Права асобаў, пазбаўленых волі, на гуманнае абыходжанне (арт. 10, тычыцца, у прыватнасці, абыходжання з абвінавачанымі);
  • Забарона пазбаўлення волі на той падставе, што дадзеная асоба не ў стане выканаць дагаворныя абавязацельствы (арт. 11);
  • Права на свабоднае перамяшчэнне па тэрыторыі дзяржавы і выбару месца жыхарства, а таксама права пакідаць любую краіну (арт. 12);
  • Правы замежніка ў сувязі з рашэннем аб высылцы (арт. 13);
  • Права на незалежны і бесстаронні суд (арт. 14, найбольш шырокі артыкул, у якім устаноўлены шэраг правоў абвінавачанага і прынцыпы крымінальнай працэдуры);
  • Прынцып прэзумпцыі невінаватасці і забарона зваротнай сілы крымінальнага заканадаўства (арт. 15);
  • Абарона асабістага і сямейнага жыцця, недатыкальнасці жылля, а таксама таямніцы карэспандэнцыі (арт. 17);
  • Свабода думкі, сумлення і рэлігіі (арт. 18);
  • Свабода слова (арт. 19);
  • Забарона прапаганды расавай, нацыянальнай або рэлігійнай нянавісці (арт. 20);
  • Права на мірныя сходы (арт. 21);
  • Права на свабоду асацыяцыі з іншымі людзьмі (арт. 22);
  • Правы мужа і жонкі і сям'і (арт. 23);
  • Правы дзіцяці (арт. 24);
  • Права прымаць удзел у грамадскім жыцці (арт. 25);
  • Правы асобаў, якія належаць да нацыянальнай меншасці (арт. 27);
  • Роўнасць перад законам і забарона дыскрымінацыі (арт. 2, п. 1; арт. 26).

Камітэт не прымае звароты, якія тычацца парушэння правоў чалавека, не абвешчаных у Пакце. Нельга, напрыклад, спасылацца на права па працу ці права на адукацыю.

Таксама КПЧ не разглядае звароты ад групаў асобаў, арганізацый, у інтарэсах грамадскасці.

На якой мове трэба пісаць індывідуальны зварот?

Індывідуальны зварот можна падаваць на адной з моваў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый: англійскай, французскай, арабскай, кітайскай, іспанскай або рускай.

Якія ўмовы неабходна выканаць, каб накіраваць зварот у ААН?

Неабходна вычарпаць усе механізмы абароны правоў і свабодаў на нацыянальным узроўні.

Гэта азначае, што вы павінны абскардзіць рашэнне дзяржаўнага органа або службовай асобы ў вышэйстаячую інстанцыю або суд першай інстанцыі (раённыя суды Мінска і гарадскія суды), атрымаўшы адмову ў задавальненні скаргі - абскардзіць рашэнне суда ў другой інстанцыі (Мінскі гарадскі і абласныя суды), зноў атрымаўшы адмову - звярнуцца са скаргай у Вярхоўны суд.

І калі Вярхоўны суд таксама пакіне рашэнне без зменаў, а скаргу без задавальнення, а вы ўсё таксама будзеце не згодныя з парушэннем вашых правоў і рашуча настроеныя - можна рыхтаваць індывідуальны зварот у Камітэт па правах чалавека.

Што трэба пісаць у звароце?

У сваім звароце вы павінны абавязкова пазначыць:

  • ваша поўнае імя, прозвішча, грамадзянства, дату нараджэння і кантактную інфармацыю;
  • дзяржаву, супраць якой падаецца зварот;
  • артыкул або артыкулы Пакта, якія, на вашу думку, былі парушаныя;
  • якім чынам былі парушаныя правы чалавека (падзеі ў храналагічнай паслядоўнасці з пачатку да канца) і калі гэта адбылося;
  • прынятыя ўнутраныя сродкі прававой абароны і іх вынікі (у якія ўстановы або да якіх службовых асобаў вы звярталіся з нагоды гэтай сітуацыі, якімі былі іх адказы, пачынаючы з першай скаргі і аж да апошняй пастановы);
  • у канцы неабходна ўказаць дату і падпісаць зварот.

Акрамя таго, індывідуальны зварот павінен быць ясным, зразумелым і досыць абгрунтаваным фактамі і законамі, каб паказаць, што парушэнне сапраўды адбылося. Старайцеся пісаць толькі з нагоды фактаў і пытанняў, звязаных з парушэннем, з нагоды якога вы скардзіцеся. Каб дапамагчы Камітэту па правах чалавека ААН па магчымасці лепш зразумець тое, што здарылася, пішыце простай мовай, не адхіляючыся ад праблемы, пазбягаючы эмоцый, грубіянстваў і агрэсіўных выразаў на адрас дзяржавы.

Прыкладзіце ўсе дакументы, звязаныя з сітуацыяй, з нагоды якой звяртаецеся - раней напісаныя скаргі і адказы на іх.

Памятаеце, што падаваць зварот лепш за ўсё ў самы кароткі тэрмін пасля таго, як былі вычарпаныя ўсе нацыянальныя механізмы абароны правоў. Хоць тэрмін падачы зваротаў не вызначаны, аднак у выпадку падачы па заканчэнні пяці гадоў пасля прыняцця апошняй пастановы на нацыянальным узроўні, Камітэт можа адмовіць у разглядзе звароту.

Дапамагчы ў складанні індывідуальных зваротаў могуць праваабаронцы "Вясны".

Што будзе пасля таго, як Камітэт прыме да разгляду зварот?

Пасля таго, як ваш зварот будзе прыняты да разгляду Камітэтам, вам прыйдзе апавяшчэнне аб рэгістрацыі яго ў агульным рэестры. Такое ж паведамленне паступіць і да дзяржавы-ўдзельніцы, г.зн. Беларусі.

Пасля гэтага на працягу шасці месяцаў дзяржава-удзельніца можа прадаставіць Камітэту пісьмовыя тлумачэнні або растлумачваючыя заявы, і любыя меры, калі такія мелі месца, якія маглі быць прыняты гэтай дзяржавай.

Тлумачэнні дзяржавы перадаюцца Камітэтам і асобе, якая падала зварот: яна можа прадставіць свае заўвагі і каментары.

Затым Камітэт праводзіць закрытае пасяджэнне, дзе разглядае меркаванні і довады бакоў, прымае рашэнне і пасля гэтага паведамляе свае меркаванні (рашэнне) заяўніку і дзяржаве-ўдзельніцы.

Як хутка Камітэт разгледзіць зварот?

З улікам таго, што ў КПЧ паступае мноства зваротаў ад грамадзянащ розных дзяржаваў-удзельніц, а сама сістэма разгляду досыць бюракратызаваная, заяўніку даводзіцца чакаць у сярэднім 5-7 гадоў.

Разам з тым, Камітэт можа вынесці тэрміновыя меры абароны: як правіла, гэта датычыцца выпадкаў, калі Камітэт просіць дзяржаву не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд, вынесены ў дачыненні да заяўніка да таго моманту, пакуль яго зварот не будзе разгледжана Камітэтам па сутнасці. Варта адзначыць, што часцяком Беларусь насуперак прынятых КПЧ тэрміновых мераў абароны, прыводзіць смяротныя прысуды ў выкананне.

Што будзе, калі Камітэт прызнае парушэнне дзяржавай маіх правоў?

Камітэт па правах чалавека, канстатуючы, што дзяржава парушыла правы чалавека, указвае на рашэнні (дзеянні), якія кваліфікуе як парушэнне, а таксама адпаведныя палажэнні Пакта.

Камітэт, канстатуючы парушэнне правоў чалавека, звяртаецца да дзяржавы з заклікам распачаць адпаведныя меры, прызначае тэрмін - як правіла, 180 дзён, - на працягу якога дзяржава павінна прадставіць інфармацыю аб мерах, прынятых для выканання рэкамендацый.

Варта звярнуць увагу, што кампенсацыя прысуджаецца толькі ў тых выпадках, калі нельга іншым чынам аднавіць парушаныя правы чалавека.

Ці выканае Беларусь рашэнне КПЧ?

Факультатыўны пратакол не накладае на дзяржавы прававога абавязка выконваць рэкамендацыі Камітэта. Тым не менш дзяржава, якая ўхваліла міжнародны кантроль, мае палітычны і маральны абавязак падпарадкавацца рашэнню Камітэта.

Беларускі ўрад вельмі неахвотна рэагуе на рэкамендацыі, якія прымаюцца Камітэтам. Аднак у 2018 годзе дзяржава-удзельніца ўсё ж такі адрэагавала на шэраг зваротаў грамадзянаў Беларусі. 

Чаму важна звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН?

У 2016 годзе быў прыняты так званы Міжведамасны план па правах чалавека, адным з пунктаў якога з'яўляецца «вывучэнне ўрадам прэтэнзій, найбольш часта адрасаваных беларускімі грамадзянамі ў Камітэт ААН па правах чалавека, а таксама прынятых па іх меркаванняў у мэтах магчымага ўліку пры ўдасканаленні заканадаўства і практыкі яго прымянення». І хоць пытанне аб выкананні прынятых Камітэтам рашэнняў у парадку дня беларускага ўраду не стаіць, важна, каб на міжнародным узроўні было вядома аб тым, якія правы чалавека найбольш часта парушаюцца ў Беларусі.

Акрамя таго, Камітэт у сваім штогадовым дакладзе размяшчае інфармацыю аб ступені і аб'ёмах выканання рэкамендацый асобнымі дзяржавамі. Гэта адзіная форма «санкцый» у адносінах да дзяржаваў, якія не прадставілі заяўніку адпаведнай кампенсацыі альбо не аднавілі парушаных правоў чалавека.

Заяўнік павінен памятаць пра тое, што мэтай КПЧ з'яўляецца не кампраметацыя дзяржавы на міжнароднай арэне, а гарантаванне правоў чалавека. 

Ці можна шукаць абароны ў Еўрапейскім судзе?

У Еўрапейскі суд па правах чалавека могуць звяртацца грамадзяне тых краінаў, якія ўваходзяць у склад Савета Еўропы. Каб стаць дзяржавай-удзельніцай Саветы Еўропы, неабходна выканаць шэраг умоў, у ліку якіх ратыфікацыя другога Факультатыўнага пратакола да Пакта - увядзенне мараторыя або поўная адмена смяротнага пакарання.

Так як Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая працягвае ўжываць смяротнае пакаранне, і не ратыфікуе другі факультатыўны пратакол, уключэнне яе ў Савет Еўропы немагчыма. А адпаведна грамадзяне краіны не могуць выкарыстоўваць Еўрапейскі суд у абарону парушаных дзяржавай правоў чалавека.

Азнаёміцца з рашэннямі па індывідуальных зваротах супраць Беларусі, прынятымі Камітэтам па правах чалавека ААН, а таксама спампаваць узор звароту можна на сайце Цэнтра Стратэгічнай Цяжбы.

 

http://spring96.org/be/news/91969

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты