Навіны

Яшчэ адна сур'ёзная небяспека Астравецкай АЭС

Як вядома, 14 студзеня 2019 года ў Астраўцы адбыліся грамадскія абмеркаванні стратэгіі абыходжання з адпрацаванымі ядзернымі адкідамі АЭС, якая будуецца каля гэтага горада.

На пытанні прысутных арганізатары абяцалі накіраваць пісьмовыя адказы па электроннай пошце.
На гэтым сходзе праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў задаў пытанне: Існуе палітычная рызыка – адмова Расеі ад выканання будучай дамовы на перапрацоўку адпрацаванага паліва. Ці прапрацоўваўся такі варыянт?
На яго заяўнік атрымаў адказ, сэнс якога ў тым, што калі дамова “не можа быць выканана”, то ядзерныя адкіды АЭС спачатку будуць захоўвацца ў нашай краіне на паверхні зямлі, а потым - “у глыбінных геалагічных фармацыях” на тэрыторыі  Рэспублікі Беларусь па так званым варыянце №3 абыходжання з адкідамі.
Алесь Дзергачоў выказаў наступнае меркаванне пра дадзены адказ:
- Справа ў тым, што за аснову прыняты не гэты “варыянт №3”, а іншы, які прадугледжвае папярэднюю перапрацоўку адыходаў ў Расеі па маючай быць дамове з гэтай дзяржавай, з наступным вяртаннем у Беларусь і вечным захоўваннем на паверхні зямлі ў 5-кіламетравай зоне АЭС. Адпаведна, будуць пабудаваны адпаведныя паверхневыя сховішчы перапрацаваных у Расеі адкідаў, на што падаткаплацельшчыкам Беларусі прыйдзецца выдаткаваць яшчэ 15-20% каштарысу АЭС, а гэта, верагодна, 1,5 – 2 мільярды даляраў. Калі ўсё гэта будзе пабудавана, а Расея па нейкіх прычынах не зможа, ці адмовіцца ад выканання дамовы (наперадзе ж каля 60 гадоў эксплуатацыі АЭС, будзе напрацавана каля 1500 тон адкідаў і невядома, што можа здарыцца з Расеяй), то Беларусь застанецца сам-насам з неабясшкоджанымі, а таму вельмі небяспечнымі адкідамі. А іх ужо  трэба будзе хаваць, як сказана ў адказе, “у глыбінных геалагічных фармацыях”. Прасцей кажучы, капаць шахты.

Але  ж арганізатары абмеркавання на сходзе адзначылі, што аналагаў такога пахавання адкідаў ў свеце пакуль няма, а тэрміны і кошты спробаў будаўніцтва ў замежных краінах такіх пахаванняў з пачатку ўзвядзення падвоіліся, будоўлі не завершаныя. З іхніх слоў вынікае, што яшчэ нават невядома, ці магчыма пабудаваць такія шахты ва ўмовах нашай краіны і колькі будоўля будзе каштаваць. Гэта сведчыць пра тое, што “варыянт №3” пры зрыве Масквой дамовы на перапрацоўку – гэта проста тупіковая сітуацыя, хоць арганізатары пра гэта сказаць народу баяцца.

Таму Алесь Дзергачоў лічыць, што будаўніцтва АЭС па дамовах з Масквой заганяе Беларусь ў нешта падобнае на гібрыд палітычнай, эканамічнай і экалагічнай  пасткі.
Дык можа прыхільнікам уводу АЭС у эксплуатацыю яшчэ раз трэба падумаць, а ці не бестурботней і не танней было б адмовіцца ўвогуле ад яе пуску?!

 

05.02.2019

Відэа

праваабарончыя сайты