Навіны

90 гадоў з дня нараджэння Лявона Баразны

Імя Лявона Баразны ведама, на жаль, мала каму з беларусаў, тым больш за межамі Беларусі. А між тым, гэта змагар за беларушчыну, які шмат зрабіў для радзімы і жыццё якога было гвалтоўна перапынена.

Беларускі мастак, даследнік нацыянальнай культуры, грамадскі актывіст захавання гісторыка культурнай спадчыны Лявон Баразна нарадзіўся 4 лютага 1929 году ў вёсцы Новае Сяло Талачынскага раёну (Віцебская вобласць). Лявон Баразна ў 1952 годзе скончыў Менскую мастацкую вучэльню, пазней у 1968-ым – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Шмат вандраваў па Беларусі. У выніку гэтых падарожжаў падрыхтаваў альбомы “Беларускае народнае адзенне”, “Беларуская народная вопратка”, “Арнамент паўднёвай Беларусі”, “Тканіны Гродзеншчыны”, а таксама стварыў вялікую серыю жывапісных і графічных краявідаў Беларусі. А ягоная кніга “Гравюры Францыска Скарыны” сталася важкім унёскам у айчынную Скарыніяну. Менавіта паводле эскізаў Баразны ствараліся касцюмы для розных ансамбляў песні і танца. Па сутнасці ён заснаваў школу нацыянальнага сцэнічнага касцюма. У 1966-69 гадах Баразна працаваў галоўным мастаком Мастацкага фонду Беларусі.

Лявон Баразна вельмі блізка сябраваў з Уладзімірам Караткевічам, Зянонам Пазьняком, іншымі беларускімі патрыётамі. Баразна не мог цярпець татальнай русіфікацыі і савецкага вандалізму. Гэта быў сапраўдны дысідэнт, які марыў пра распад СССР і незалежнасць Беларусі. Ён нават казаў пра гэта адкрыта. У 1969-ым разам з Пазьняком выступіў у абарону гістарычнай забудовы вуліцы Няміга. Іх супольны артыкул надрукавала цэнтральная савецкая газета “Правда”. Дзякуючы гэтаму змаганню, кіраўніцтва БССР на чале з Машэравам на 3 гады прыпыніла знішчэнне архітэктуры на Нямізе.

У 1972 Баразна рыхтаваў публічную акцыю пратэсту супраць разбурэння Нямігі. 15 жніўня 1972 у старым горадзе ён кінуўся на вуліцы ратаваць жанчыну, на якую напалі бандыты. Кабета нечакана імгненна знікла, а Баразна быў забіты. Следчыя органы трактавалі гэтае забойства як звычайны крымінал, але пэўныя акалічнасці даюць падставы падазраваць ў здзяйсненні злачынства савецкія спецслужбы.

Развітанне з Лявонам Баразном адбывалася ў невялікай зале Саюза мастакоў. Пахаваны ён на талачынскіх могілках. Афіцыйныя энцыклапедыі не згадваюць акалічнасцяў смерці мастака.

Забойцы Баразны былі схоплены. Суд над імі ператварыўся ў бясконцы фарс і здзек з сімуляцыяй вар’яцтва адным з злачынцаў, з адмовай і заменай паказанняў сведак. Забойцы атрымалі мізэрныя тэрміны, неўзабаве скасаваныя амністыяй…

У 1975-ым сябры Лявона Баразны зладзілі ў Менску ягоную персанальную выставу, якая мела вялікі грамадскі рэзананс. У лютым 2010 году ў Нацыянальным мастацкім музеі ўдалося ўрачыста адкрыць выставу “Лявон Баразна. Спадчына”.

 

04.02.2019

праваабарончыя сайты