Навіны

85 гадоў з дня нараджэння Арсеня Ліса

Беларускі літаратуразнавец, фалькларыст, культуролаг Арсень Ліс нарадзіўся 4 лютага 1934 года ў вёсцы Вётхава, што паблізу знакамітага Залесся (Смаргонскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і. Ягоны бацька, Сяргей Пятровіч Ліс, працаваў з 1944 года на чыгунцы. Старэйшыя браты бацькі Іван і Яўген – актыўныя ўдзельнікі заходнебеларускага руху.

Сярэднюю школу Арсень Ліс скончыў ў 1951 годзе ў Смаргоні. У тым жа годзе паступіў вучыцца на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, які скончыў у 1956 годзе. Працоўную дзейнасць пачаў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Шаркоўшчынскай школе. Адначасна загадваў педагагічным кабінетам раённага аддзелу адукацыі. З 1957 года – рэдактар рэдакцыі мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У 1959 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі Навук Беларусі. З 1962 года – малодшы, а з 1968-га – старэйшы навуковы супрацоўнік гэтага інстытуту.

Першая публікацыя Арсеня Ліса (артыкул пра мастака Паўла Южыка) з’явілася ў 1955 годзе ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Арсень Ліс даследаваў традыцыйную культуру беларусаў, літаратуру, гісторыю і перыядычны друк заходняй Беларусі, жыццё і дзейнасць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, гісторыю культуры.

У 1965 годзе з ініцыятывы Арсеня Ліса Алесем Белакозам была арганізаваная акцыя накіравання лістоў слухачоў курсаў удасканалення настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў Мінску на адрас ЦК КПБ з уздыманнем праблемаў датычна статусу беларускай мовы. Акцыя выклікала незадаволенасць камуністычных уладаў. 

Уражвае аб’ём зробленай працы даследчыкам. Арсень Ліс – адзін з укладальнікаў, аўтараў уступных артыкулаў і каментароў шматтомнага акадэмічнага збору “Беларуская народная творчасць”. Актыўны аўтар універсальнай і галіновых беларускіх энцыклапедый. Адзін з удзельнікаў шасцітомнай навукова-тэарэтычнай працы “Беларускі фальклор. Жанры, віды, паэтыка” (2001-2007) і чатырохтомніка “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.” (вялікі раздзел па літаратуры Заходняй Беларусі аўтарства Ліса змешчаны ў 2-м томе). Аўтар аўтабіяграфічнага твора “Ад матчыных песень” (1973 год), манаграфій “Браніслаў Тарашкевіч” (1966), “М. Шчакаціхін: Хараство непазнанай зямлі” (1968), “Пётра Сергіевіч” (1970), “Купальскія песні” (1974), “Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча” (1984), “Пякучай маланкі след: Эцюды да партрэта мастака Горыда” (1981), “Валачобныя песні” (1989), “Жніўныя песні” (1991). Аўтар кніг “Gloria victis!” (2010), “Арсень Ліс. Выбранае” (2014) з серыі кніг “Беларускі кнігазбор”. Укладальнік шматлікіх іншых зборнікаў народных песень, аўтар падручнікаў для студэнтаў. Аўтар і суаўтар сцэнароў дакументальных фільмаў пра беларускіх дзеячаў.

За актыўны ўдзел у нацыянальным Адраджэньні ў 1998 годзе Камітэтам Ушанавання ганараваны медалём Язэпа Драздовіча “За руплівасць на ніве беларускага мастацтва”, медалём Анатоля Бярозкі “Цвяток Радзімы” і адпаведнымі дыпломамі. Запісаны ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”.

Большую частку свайго жыцця Арсень Ліс пражыў у Мінску. Быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў, сябрам Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” з часу яго заснавання. Памёр 28 траўня 2018 года. Пахаваны на малой радзіме на могілках у Залессі.

04.02.2019

Відэа

праваабарончыя сайты