Навіны

Аляксей Шчадроў расказаў, што яго білі шчучынскія міліцыянты

Гаспадар прытулку для бяздомных у вёсцы Аляксандраўка (Шчучынскі раён) Аляксей Шчадроў распавёў Свабодзе, што яго затрымалі міліцыянты за крадзеж, якога ён не зьдзяйсьняў.

Каб выбіць паказаньні, над ім зьдзекаваліся цэлую ноч.

Па словах Шчадрова, яго затрымалі 31 студзеня. Па абедзе да ягонага дому ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну прыехалі міліцыянты і загадалі паехаць зь імі ў Шчучынскі РАУС.

Прычынай затрыманьня стаў крадзеж кашалька з грашыма ў мэдсястры са Шчучынскага шпіталя. У той дзень Аляксей быў у шпіталі ў стаматолага.

Міліцыянты, два старэйшыя лейтэнанты, запыталіся, дзе кашалёк. Сказалі, што па камерах відэаназіраньня бачна, як ён заходзіў у кабінэт, адкуль зьніклі грошы, што на дзьвярах застаўся адбітак ягонага пальца.

Ён кажа, што над ім зьдзекаваліся ўсю ноч. Сесьці дазвалялі на некалькі хвілін, а потым зноўку загадвалі ўставаць. Казалі падымаць гіру і адціскацца, але Аляксей адмовіўся, бо мае хворае сэрца. Пхнулі на падлогу, каб той упаў, а міліцыянт наступіў ботам яму на ногі.

Адзін з аператыўнікаў пачаў торкаць дубінкай у бок, з моцай і крыкам пагрозьліва біў па стале.

Аляксей кажа, што цэлую ноч ціха маліўся, а на яго крычалі, што выб’юць ягоную веру. У нейкі момант Шчадрова пачалі моцна біць па галаве, па плячах.

«Узялі стэплеры, якімі сшываюць паперы, падышлі з абодвух бакоў і пачалі крычаць: „Мы зараз табе вушы праб’ем, нос! Давай кажы, куды падзеў кашалёк!“», — узгадвае допыт Шчадроў.

Каб яго перасталі біць, мужчына сказаў, што гэта ён скраў кашалёк, але ніякія паперы падпісваць яму не давалі. Калі міліцыянты пачалі высьвятляць падрабязнасьці, яму падалося, што нешта ў ягоных паказаньнях не супадала з тым, чаго ад яго чакалі.

Па меркаваньні Аляксея, міліцыянты зразумелі, што ён на сябе нагаворвае. «На калідоры падышоў адзін старлей, запытаўся:

«Скажы шчыра, ці цябе білі. Я адказаў: „Крыху білі“. Ён моцна мяне ўдарыў у грудзі: „Няхай хоць яшчэ каму скажаш! Цябе ніхто ня біў!“», — распавядае Аляксей. Ён кажа, што чуў крыкі зь іншых кабінэтаў.

Допыт скончыўся толькі ў абед наступнага дня, калі за справу ўзяўся чарговы міліцыянт, якога Аляксей запомніў як «маёр Станіславіч».

На відэа з камэр назіраньня ўбачылі, што Шчадроў не заходзіў ні ў кабінэт, адкуль прапалі грошы, ні ў тое аддзяленьне. Яму запарылі гарбату і далі дзьве булачкі.

Потым завезьлі дахаты ў Аляксандраўку, правялі дома ператрус, нічога падазронага, па словах Аляксея, не знайшлі і зьехалі.

Аляксей Шчадроў мяркуе, што яго падазравалі, бо ён меў раней судзімасьць за наркотыкі і крадзеж.

«Звычайна аператыўнікі ня вераць, што людзі зьмяняюцца, што Бог мяняе чалавека. Першымі падазраванымі становяцца тыя, хто раней быў судзімы», — мяркуе ён.

Колькі грошаў было ў кашальку і ці знайшлі таго, хто насамрэч іх скраў, мужчына ня ведае. Скардзіцца ў міліцыю ці некуды яшчэ на паводзіны міліцыянтаў Шчадроў не плануе.

«Я ім дараваў, як хрысьціянін. У Евангельлі напісана, што трэба маліцца за тых, хто нас крыўдзіць, і дараваць ворагам. Прыйдзе час, яны адкажуць за гэта, можа, не перад дзяржаўным законам, але на Божым судзе», — кажа ён.

04.02.2019

праваабарончыя сайты