Навіны

125 гадоў з дня нараджэння Яна Каханоўскага

Выкладчык гарадзенскай мужчынскай гімназіі, стваральнік Гарадзенскага заапарку Ян Каханоўскі нарадзіўся 4 лютага 1894 году ў Гародні.

Ян Каханоўскі ў 1913 годзе скончыў Гарадзенскую мужчынскую гімназію, потым сельскагаспадарчую акадэмію ў Табожы (Польшча), у 1917-ым – Дэрпцкі ўніверсітэт. У 1925 годзе атрымаў дыплом інжынера, скончыўшы Галоўную школу сельскай гаспадаркі ў Варшаве. Працаваў выкладчыкам прыроды ў гарадзенскай польскай гімназіі імя Міцкевіча. Там былі створаны першыя ў Беларусі батанічны сад і заапарк. Каханоўскі ўдзельнічаў ахвотнікам ў польска-савецкай вайне 1920 года. 

Каханоўскі – адзін з пачынальнікаў экалагічнага руху ў Гародні, сябра Дзяржаўнай рады аховы прыроды. Пры падтрымцы таварыства аматараў прыроды дамогся ад магістрата дазволу закласці навучальны батанічны сад. На тэрыторыі плошчай 0,3 га, прылеглай да гімназіі, у 1926 годзе былі створаны градкі і клумбы, аддзеленыя дарожкамі, каб клас мог размясціцца для агляду і апісання раслін. Падбор іх ажыццяўляўся ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай. Першы год існавання ў батанічным садзе раслі 309 відаў раслін. У 1928 годзе колькасць іх павялічылася да 830, уключаючы дрэвы і хмызнякі.

Ян Каханоўскі, як арганізатар і педагог, карыстаўся вялікім аўтарытэтам у Гародні і за яго межамі. Яму ўдалося аб’яднаць настаўнікаў біялогіі школ гораду. Нягледзячы на брак сродкаў, яму не толькі ўдалося захаваць батанічны сад, але і значна пашырыць яго. У 1928 годзе для паглыблення ведаў па заалогіі адкрыты 2 новых аддзелы. Пасля пашырэння сад стаў называцца біялагічным. Але з-за малой плошчы цяжка было ўтрымліваць жывёл, было мала памяшканняў. Каханоўскаму ўдалося дамагчыся ад магістрата перадачы закінутага гарадскога велатрэка. Туды пасля правядзення рамонтна-прыстасавальных работ і быў пераведзены заалагічны аддзел. У далейшым ён стаў называцца заалагічным садам. Матэрыяльную дапамогу здзяйсняла гарадское таварыства аматараў прыроды. Спакваля заалагічны куток Гарадзенскага таварыства аматараў прыроды вырас у заапарк, у якім да 1941 года налічвалася каля 400 жывёл і птушак.

Перад пачаткам вайны зняволены НКВД у гарадзенскую турму, але пры налёце нямецкай авіяцыі адна з бомбаў разбурыла сцяну і яму, нягледзячы на раненне ў нагу, удалося ўцячы. Калі прыйшла вайна, Каханоўскі мог з’ехаць, але застаўся побач са сваімі жывёламі. У 1942 годзе за забойства нямецкага жандара гестапа запатрабавала неадкладнай выдачы вінаватых. Калі ў прызначаны тэрмін добраахвотна ніхто не здаўся, гестапаўцы арыштавалі і пасадзілі ў турму 100 чалавек закладнікаў, пераважна прадстаўнікоў інтэлігенцыі. У ліку арыштаваных быў і Ян Каханоўскі. Шэф гестапа Фром пастанавіў расстраляць кожнага чацвёртага – 25 закладнікаў. У іх лік трапіў Юзаф Вевюрскі, вядомы педагог, бацька шасцярых малалетніх дзяцей. Каханоўскі папрасіў замяніць Вевюрскага на яго. 25 чалавек расстралялі каля вёскі Навумавічы. Валянціна Кунаховіч здолела нейкім чынам перапахаваць цела Каханоўскага, якога кахала.

 

Пахаваны Ян Каханоўскі на фарных гарадзенскіх могілках побач з братам Баляславам, на магіле новы помнік. Дом Каханоўскага, які стаяў на вуліцы 11 лістапада (цяпер 17 верасня), зруйнавалі ў 1960-ых гадах. У Гародні яго імем названа вуліца каля заапарку. На ўваходзе ў заапарк на сцяне памятная шыльда ў гонар стваральніка. У Навумавічах імёны расстраляных выбіты на помніку, усталяваным у 1990 годзе.

Уладзімір Хільмановіч, фота помніка і шыльды аўтара

 

 

04.02.2019

праваабарончыя сайты