Навіны

Музей Быкава ў Гародні закрыўся

Апошнія гады музей Васіля Быкава на вуліцы Савецкай перажываў не лепшыя часы з-за адсутнасці спонсараў. У пачатку 2019 года стала вядома, што ён зачыняецца, а багатая экспазіцыя пераязджае ў музей Максіма Багдановіча.

Музей праіснаваў каля 20 гадоў, ён знаходзіўся ў пакоі плошчай 15 квадратных метраў на вуліцы Савецкай. Гараджане ў музеі бывалі рэдка, бо пра яго амаль ніхто не ведаў і папулярызацыяй ніхто не займаўся. А паглядзець там было на што: вялікая калекцыя кніг Быкава, асабістыя рэчы пісьменніка, рэдкія здымкі і іншае.

“Трапіць у музей ужо нельга, мы закрыліся, – распавядае былы бухгалтар музея Яўгенія Багданава. – Усю экспазіцыю перавозім у музей Максіма Багдановіча. Захварэў наш наглядчык, ляжыць. Плаціць арэнду і камунальныя паслугі нам проста не было чым. Дзяржава не дапамагала, у месяц у нас выходзіла 90 рублёў. Мы хадзілі ў выканкамы па дапамогу, але нічога не дамагліся”.

Плануецца, што ў музеі Максіма Багдановіча экспазіцыя, прысвечаная Васілю Быкаву, адкрыецца вясной.

Вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў пражыў у Гародні больш за 20 гадоў і напісаў тут шмат твораў, якія чытаюць і шануюць ва ўсім свеце.

hrodna.life

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/muzej-bykava-u-garodni-zakryusya/

05.02.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты