Навіны

Трусаў: Універсітэт імя Ніла Гілевіча гатовы на 70-80%

Універсітэт імя Ніла Гілевіча гатовы на 70-80%, хоць шанцы, што ў верасні 2019 года ён прыме першых студэнтаў, не вялікія, заявіў выканаўца абавязкаў рэктара Алег Трусаў на прэзентацыі беларускамоўнага выдання „Гісторыя Расіі” ў магілёўскім грамадскім цэнтры „Кола” ўвечары 10 лютага.

Першы ў краіне прыватны беларускамоўны ўніверсітэт быў зарэгістраваны 15 сакавіка 2018 года і носіць імя першага старшыні ТБМ паэта Ніла Гілевіча.

„Каб адкрыць універсітэт, мы павінны выканаць вялікую колькасць патрабаванняў. Спачатку скласці навучальныя планы. Яны ў нас гатовыя. Трэба забяспечыць літаратурай. На 80% мы літаратурай забяспечаныя. Але паўстала самае цяжкае пытанне — па некаторых прадметах няма ніякіх падручнікаў ні на рускай, ні на беларускай. Да таго ж наша Міністэрства адукацыі патрабуе новыя падручнікі, выпушчаныя не пазней за пяць гадоў таму, прычым беларускіх выдавецтваў”, — распавёў Алег Трусаў.

Паводле яго слоў, калі няма падручнікаў, то многія ўніверсітэты складаюць так званыя вучэбна-метадычныя комплексы. Менавіта працай па складанні вучэбна-метадычных комплексаў занятыя цяпер выкладчыкі будучага ўніверсітэта. „Нашы выкладчыкі па ўсіх прадметах павінны напісаць вучэбна-метадычныя комплексы. Трэба, каб адпаведныя камісіі іх ўхвалілі, потым мы гэта здаем у Міністэрства адукацыі і атрымліваем ліцэнзію на навучанне”, — распавёў кіраўнік стваранай ВНУ.

„І калі мы не паспеем гэта зрабіць у найбліжэйшыя месяцы, тады будзем набіраць студэнтаў праз год. Але ў нас ёсць падрыхтоўчыя курсы, ёсць шмат ахвотных вучыцца”, — паведаміў Трусаў.

У сваю чаргу прарэктар па вучэбнай рабоце Універсітэта імя Ніла Гілевіча Павел Церашковіч адзначыў, што ў Беларусі востра стаіць пытанне неабходнасці стварэння беларускамоўнай ВНУ. Паводле яго слоў, прыкладна 12-14% школьнікаў у Беларусі атрымліваюць сярэднюю адукацыю на беларускай мове, але працягнуць вучыцца па-беларуску ў вышэйшай школе яны не могуць, і гэта не справядліва. „Калі мы возьмем вышэйшую адукацыю, то колькасць студэнтаў, якія навучаюцца на беларускай мове, не складзе нават дзясятай долі працэнта. І гэтую несправядлівасць трэба выпраўляць, каб дзеці, якія вучацца па-беларуску, маглі атрымліваць хоць па некаторых спецыяльнасцях адукацыю на роднай мове”, — заявіў прарэктар універсітэта.

Раз ВНУ прыватная, навучанне ў ёй будзе платным. Паводле слоў стваральнікаў універсітэта, аплата будзе ніжэйшай, чым у іншых ВНУ. „Мы палічылі, што, калі не рабіць бюракратычнага апарата, можна спакойна браць са студэнта тысячу долараў за год і нармальна вучыць. А для жыхароў сельскай мясцовасці, вядома, будзем рабіць зніжкі — можа, і 500 долараў”, — сказаў Алег Трусаў.

Ён распавёў, што размеркавання ў студэнтаў Універсітэта імя Гілевіча не будзе, але дапамагаць падшукваць працу будучаму выпускніку адміністрацыя пачне з першага года яго навучання.

„Не хацелася б рабіць маленькі БДУ з беларускай мовай. Трэба рабіць прынцыпова іншы ўніверсітэт, які, безумоўна, будзе беларускім, але адкрыты ўсяму новаму, што ёсць у свеце. Таму першы наш прынцып — на любой спецыяльнасці будуць дзве замежныя мовы. Другі прынцып — на кожнай спецыяльнасці, незалежна ад кірунку, будзе абавязковы модуль „Увядзенне ў прадпрымальніцтва”, — адзначыў Павел Церашковіч.

У сустрэчы з жыхарамі Магілёва ўзяла таксама ўдзел старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/trusau-universitet-imya-nila-gilevicha/

11.02.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

праваабарончыя сайты