Навіны

45 гадоў з дня смерці легендарнай Паўлінкі

Акторка, дзяячка беларускай культуры Паўліна Мядзёлка нарадзілася 24 верасня 1893 года ў мястэчку Будслаў (цяперашні Мядзельскі раён). Яе бацька Вінцэнт Мядзёлка быў касцёльным арганістам. У 1898 годзе сям’я пераехала ў Глыбокае. Там Паўліна скончыла царкоўнапрыходскае вучылішча. З 1907 года вучылася ў Рызе на вячэрніх курсах для дарослых.

З 1909 года Мядзёлка была ў Вільні, займалася ў прыватнай жаночай гімназіі Няздзюравай і Райсмілер. Зблізілася з віленскім беларускім і сацыялістычным рухамі. Увосень 1912 года, пасля сканчэння гімназіі, накіравалася ў Пецярбург на Вышэйшыя камерцыйныя курсы, якія скончыла ў 1914 годзе. У 1913 годзе выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Янкі Купалы. У час Першай сусветнай вайны была ў эвакуацыі ў расійскім Царыцыне. З восені 1916 года ў Петраградзе стала сакратаркай Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 годзе працавала ў Кіеве ў так званым Саюзе гарадоў. У кастрычніку 1917 года па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў вёсцы Жорнаўка Ігуменскага павету. Пасля таго, як у сакавіку 1918 года школа была закрыта, перабралася ў Мінск. 

Мядзёлка працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Наведвала Вільню і Гродна. З 1918 года выступала ў друку з вершамі. З вясны 1919-га – інспектарка беларускіх школ, кіраўнічка Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Гродне. 20 ліпеня 1919 года арыштавана ўладамі Польшчы за ўдзел у выданні гарадзенскай газеты “Родны край”, дзе яна і друкавалася.

З пачатку 1920 года жыла ў Мінску, кіравала беларускай жаночай школай. Зноў арыштавана разам з мужам Тамашам Грыбам польскімі ўладамі ў траўні 1920 года. Перад наступам Чырвонай Арміі вывезена ў Варшаву, сядзела ў турме горада Вронкі, што на Пазнаньшчыне. Пасля вызвалення накіравана на жыхарства ў Лодзь з забаронай пераязджаць на “усходнія крэсы”. Па падробленых дакументах выехала ў Вільню, пазней у лютым 1921 года трапіла ў Літву. У Коўне займалася выданнем агітацыйнай літаратуры заходнебеларускага вызвольнага руху. Друкавалася ў газеце “Сялянская доля”. З восені 1921 года па прапанове Цішкі Гартнага працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве ў Берліне. 

У 1922 годзе пераехала ў Латвію, выкладала ў беларускай гімназіі ў Дзвінску. У траўні 1924 года арыштавана латышскімі ўладамі разам з іншымі выкладчыкамі. Апраўдана судом у красавіку 1915 года. У траўні разам з братам прыехала ў БССР. Працавала ў сектары мастацтва Інбелкульта. У 1927-30 гадах выкладала беларускую мову ў Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках. 

Паўліну Мядзёлку арыштавалі савецкія карныя органы 18 ліпеня 1930 года па справе “Саюзу вызвалення Беларусі”. Неўзабаве яе выслалі ў Казань. З восені 1932 года выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ. Летам 1947 года пераехала ў Будслаў, дзе да 1958 года працавала настаўніцай. У Будславе напісала свой найбольш значны твор – мемуары “Сцежкамі жыцця”, якія ў фрагментах пачалі друкавацца з 1958 года (асобным выданнем выйшлі ў 1974 годзе, другая частка надрукаваная ў 1993).

Памерла Паўліна Мядзёлка 13 лютага 1974 года. Пахаваная на старых каталіцкіх могілках у Будславе.

13.02.2019

Відэа

праваабарончыя сайты