Навіны

Гісторык, выдавец, патрыёт

Дзеяч заходнебеларускага вызвольнага руху, выдавец і гісторык Язэп Найдзюк нарадзіўся ў траўні 1909 году ў вёсцы Бойдаты (па іншых звестках у Рэплі), што ў Ваўкавыскім раёне. Вучыўся ў сярэдняй школе ў Бойдатах і Вярэйках Ваўкавыскага павету. Па сканчэнні школы ў 1923 годзе паступіў у Ваўкавыскую настаўніцкую семінарыю, аднак з-за нястачы сродкаў быў змушаны спыніць вучобу.

З дапамогаю сваяка Фабіяна Ярэміча з 1926 году Найдзюк уладкаваўся ў Беларускую друкарню імя Францішка Скарыны ў Вільні, быў яе дырэктарам. Апекаваўся кнігарняй “Пагоня”. Рэдагаваў часопіс “Шлях моладзі” (1929-39). Ладзіў культурныя і рэлігійныя імпрэзы, прыналежаў да беларускіх хадэкаў.

З пачаткам другой сусветнай вайны быў арыштаваны польскімі ўладамі ў верасні 1939 году і зняволены ў лагеры Картуз-Бярозы. Вызвалены толькі пасля падыходу савецкіх войск. Пасля гэтага вярнуўся ў Вільню, працягваў працу ў беларускіх арганізацыях пасля перадачы Вільні Летуве.

Пасля нападу фашыстоўскай Германіі на СССР, увосень 1941 году пераехаў у Менск. Працаваў у “Выдавецтве падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску”, школьным інспектарам, быў сябрам Цэнтральнай рады Беларускай народнай самапомачы. Выдаваў часопіс “Беларуская школа”. Шырокаму колу Язэп Найдзюк ведамы найперш па папулярным нарысе гісторыі Беларусі “Беларусь учора і сяньня” (кніжка выдадзена ў 1940-ым годзе лацінкай).

У 1943 годзе Язэп Найдзюк пісаў ў менскай газеце: “У гэтых варунках кожная новая беларуская кніга цешыць толькі сваім фактам з’яўленьня”. За гады нямецкай акупацыі яго выдавецтва здолела выдаць 24 беларускія кнігі.

У 1943 (на вокладцы 1944) у Менску падручнік па гісторыі “Беларусь учора і сяньня” быў выдадзены кірыліцай. Выданьне кнігі выйшла па рэракцыяй I. Сівіцы, польскага немца, працаўніка аддзелу культуры і палітыкі генеральнага камісара Беларусі. Сівіца паправіў тэкст падручніка ў кірунку, які адпавядаў нямецкай палітыцы ў Генеральнай акрузе Беларусь. Да гэтага часткі кнігі друкаваліся ў газэце “Голас вёскі”.

Летам 1944 году Найдзюк выехаў у Нямеччыну, пакінуўшы жонку і дзяцей на Беларусі. Па вайне таемна пераехаў у Польшчу, жыў пад прозьвішчам Юзэф Александровіч. Спыніўся ў горадзе Інаўроцлаў, дзе працаваў дырэктарам Куяўскай друкарні, якую пабудаваў у пачатку 1970-ых, быў вядомым у горадзе адмыслоўцам-паліграфістам. Займаўся мясцовым краязнаўствам. Пакінуў дзёньнік і рукапіс “Paznavajma historyju biełaruskaha narodu” па гісторыі Беларусі, напісаную ў 1960-х і выдадзеную ў 2010 у Беластоку.

 

Сувязь з беларускім рухам Язэп Найдзюк падтрымліваў праз свайго брата Чэслава Найдзюка, які жыў у ЗША. Вёў ліставаньне з Ларысай Геніюш, Юры Туронкам, Казімірам Грынкевічам і іншымі. Пра тое, хто ён на самой справе польская служба бяспекі выявіла толькі ў 1963 годзе, але на той час ужо не чапала.

На 20-я ўгодкі смерці – 14 лютага 2004-га грамадскасць Інаўроцлава ўшанавала яго памяць адкрыццём памятнай шыльды на друкарні, імшой у касцеле Св. Юзафа, навукова-папулярнай канферэнцыяй У 2006 годзе на доме, дзе жыў Найдзюк, была таксама ўсталяваная памятная шыльда.

 

 

13.02.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты