Навіны

Касцёлы Гародні ўзімку

У Гародні чатыры старажытныя каталіцкія храмы. Кожны з іх мае свае архітэктурныя асаблівасці, непаўторнасць і шарм. Тры з іх – у цэнтры гораду, а яшчэ адзін – Францішканскі – у занёманскай частцы. Панарамна ўсе можна сфатаграфаваць толькі з паветра, цікавы агульны выгляд двух храмаў – Бернардзінскага і Фарнага езуіцкага з-за ракі. Зімой гарадзенскія касцёлы выглядаюць асабліва, адрозна ад цёплай пары. Шкада толькі, што сонца ўзімку вельмі рэдкае.

У самым цэнтры старажытнага гораду сама вялікі гарадзенскі касцёл – Фарны. Гэта барокавы комплекс касцёлу і кляштару езуітаў, які пачаў фармавацца пасля 1622 года. Будаўніцтва цяперашняга касцёлу было скончана якраз на зломе стагоддзяў – у 1700 годзе.

Гарадзенскі касцёл і кляштар бернардзінцаў таксама блізка ад цэнтральнага пляцу горада. Гэта помнік архітэктуры 16-18 стагоддзяў, эклектычная забудова з элементамі готыкі, рэнесансу і барока.

Францішканскі касцёл – помнік архітэктуры барока, бадай найбольш таямнічы храм з чатырох пералічаных. Комплекс касцёлу і кляштару францішканцаў пабудаваны на левым беразе Нёмана ў 1635 годзе.

 

Гарадзенскі касцёл і кляштар Брыгітак па дарозе з цэнтру горада да аўтавакзалу. Гэта помнік архітэктуры ранняга барока. Брыгіцкі комплекс пабудаваны ў 1634-42 гадах. 

 

Кожны з гарадзенскіх касцёлаў мае багацейшую гісторыю, якая заслугоўвае асобных падрабязных выданняў. Мы ж прапануем турыстам і вандроўнікам не абмінуць гэтыя адметныя ўнікальныя храмы і знайсці для сябе нечаканыя і рэдкія фотаракурсы архітэктурных помнікаў.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара

Чытай больш на: https://www.racyja.com/vandrouki/kastsyoly-garodni-uzimku/

16.02.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты