Навіны

У Берасці асудзілі праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна

Суддзя Дзмітрый Шурын вынес пастанову аб прыцягненні праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічынь. 

* * * 

Адміністрацыйная справа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзіміра Вялічкіна разглядаецца ў судзе Ленінскага раёна Берасця. Чакалася, што яго і Віталя Казака даставяць у суд 18 лютага ў першай палове дня, аднак прывезлі іх пасля 14 гадзін.

Праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – “кармленні галубоў”, якое адбылося ў Берасці 10 лютага. Ён быў выкліканы ў міліцэйскі ўчастак у суботу, 16 лютага, па позве. Калі прыйшоў, на яго склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне і да суда змясцілі  ў ізалятар часовага ўтрымання.

Таксама ў суботу быў затрыманы і змешчаны да суда ў ІЧУ яшчэ адзін актывіст пратэсных акцый  супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці Віталь Казак. У сваю чаргу праваабаронцы патрабуюць спыніць пераслед калегі. Апублікавана заява праваабарончага цэнтра “Вясна”, у якой адзначаецца, што 16 лютага ў Берасці быў затрыманы праваабаронца, сябра “Вясны” Уладзімір Вялічкін.

У заяве падкрэсліваецца, што той прысутнічаў на акцыі ў якасці праваабаронцы, ажыццяўляў маніторынг рэалізацыі грамадзянамі сваіх канстытуцыйных правоў. “Затрыманне міліцыяй Уладзіміра Вялічкіна з’яўляецца нічым іншым, як пераследам за яго праваабарончую дзейнасць”, – гаворыцца ў заяве. Праваабронцы патрабуюць неадкладна вызваліць іх калегу і спыніць пераслед іншых грамадзян, гарантуючы ім права на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання.

spring96.org


18.02.2019

Відэа

праваабарончыя сайты