Навіны

40 гадоў з дня смерці Янкі Геніюша

Асоба грамадскага дзеяча Янкі Геніюша недаацэнена беларусамі з розных прычын. Па-першае, таму, што ў нас дагэтуль не шануецца бальшыня нацыянальных дзеячаў. Па-другое, на яго вельмі працяглы час навешвалі ярлык калабаранта. Па-трэцяе, таму, што Іван Пятровіч дагэтуль як бы знаходзіцца ў ценю сваёй жонкі – Ларысы Геніюш, вялікай беларускай паэткі і патрыёткі.

Нарадзіўся Янка Геніюш 24 лютага 1902 года ў мястэчку Крынкі. Пасля сканчэння школы паехаў вучыцца ў Прагу. Паступіў у знакаміты Карлаў універсітэт, рэкамендацыю на атрыманне стыпендыі яму даў Браніслаў Тарашкевіч. Пасля заканчэння ўніверсітэту атрымаў медыцынскую адукацыю доктара-венеролага. У 1935 годзе ажаніўся з Ларысай Міклашэвіч. У той сама год у іх нарадзіўся адзіны сын Юрка Геніюш. Менавіта Янка Геніюш далучыў Ларысу да беларушчыны: першым даў ёй беларускія кніжкі, чытаў нарачонай вершы Купалы, расказваў пра беларускую гісторыю.

Янка Геніюш сябраваў з многімі беларускімі дзеячамі, што жылі ў Празе, у тым ліку і з кіраўніцтвам БНР. Быў актыўным сябрам Пражскага камітэта Беларускай народнай самапомачы. У час нямецкай акупацыі, на беларускім сходзе Геніюш адмовіўся падпісаць тэлеграму да Адольфа Гітлера. Аднак несумленны палітык Іван Ермачэнка падрабіў пад капірку подпісы ўдзельнікаў сходу і даслаў тую тэлеграму. Пазней гэтая тэлеграма трапіла ў Маскву, і на яе падставе Янка Генюіш апынуўся перад савецкім судом.

У 1943 годзе Янка Геніюш трапіў у Беларусь, пасяліўся ў Слоніме. Працаваў кіраўніком раённага аддзела аховы здароўя. Пасля канфлікту са слонімскім гебіткамісарам Эрэнам (Геніюш запытаўся ў таго, хто на гэтай зямлі гаспадар), яму давялося пераехаць у Баранавічы. Ад горшых наступстваў яго выратавала “слава” падпісанта тэлеграмы да Гітлера. Пасля вайны Янка Геніюш пастанавіў застацца ў Празе, ён наіўна спадзяваўся, што Чэхаславакія будзе самастойнай дзяржавай і сям’і нічога не пагражае. За гэтую памылку давялося дорага заплаціць пазней.

Сям'я Геніюшаў

У 1948 годзе, калі Геніюшы жылі ў Празе, яны разам з жонкай Ларысай былі арыштаваныя і вывезеныя ў Савецкі саюз. Абодва былі незаконна пазбаўлены чэхаславацкага грамадзянства і засуджаныя Вярхоўным судом БССР да 25 год зняволення ў савецкім канцлагеры. Частку тэрміну Янка Геніюш адбыў у сумнавядомай Варкуце. Пасля сканання Сталіна ў 1953 годзе пераведзены ў Мардовію.

Сям’я Геніюшаў была датэрмінова вызвалена ў 1956 годзе. Аднак ім не дазволілі вярнуцца ў Чэхаславакію. Геніюшы пасяліліся ў Зэльве ў хаце бацькі Янкі па вуліцы Савецкай, 7а. У Зэльве Геніюш ўладкаваўся працаваць ў мясцовы шпіталь і паліклініку. У яго кабінеце быў размешчаны партрэт Францішка Скарыны. Геніюш добра разбіраўся ў неўралогіі, сексалогіі, венерычных хваробах. Працаваў хірургам і тэрапеўтам, хоць саветы вельмі доўга не хацелі прызнаваць яго чэшскі дыплом.

У Зэльву ў госці да Геніюшаў часта прыязджалі былыя палітзняволеныя і літаратары: Мікола Канаш, Пятро Рашэтнік, Іван Дутка, Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка, Алесь Траяноўскі ды іншыя.

Памёр Янка Геніюш пасля хваробы на руках жонкі 19 лютага 1979 года. На яго пахаванне з’ехалася шмат людзей. Андрэй Вайтовіч са Слоніма зрабіў па ім помнік. Пасля смерці Ларысы Геніюш на магіле паставілі новы, агульны помнік. Штогод у Зэльву прыязджаюць цяперашнія беларускія патрыёты ўшанаваць Янку і Ларысу Геніюшаў.

19.02.2019

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты