Навіны

Мікалай Салянік абвінавачвае улады ў парушэнні трох артыкулаў Міжнароднага Пакта

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Салянік звяртаецца з паведамленнем у Камітэт ААН па правах чалавека, які размяшчаецца ў Жэневе.

У ім ён паведамляе, што 2 ліпеня 2018 г. на сваёй асабістай старонцы ў фэйсбуку размясціў фотаздымак, зроблены ў кватэры, на якім са сваім калегам па партыі Аляксандрам Лаўрэнцьевым трымаў у руках плакат з  надпісам “Беларусь – краіна для “жыцця” на фоне калючага дроту. Гэты пост у сацсетцы Кастрычніцкім РАУС Гародні і судом гэтага раёна, а затым і абласным судом,  прызнаны ўдзелам у няўзгодненым  мясцовай уладай пікете. За гэта ён разам з  Аляксандрам Лаўрэнцьевым  прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Пры гэтым Мікалай Салянік звяртае ўвагу Камітэта, што кватэра – не грамадскае месца, таму падзея там не падыходзіць да разумення пікета. Размяшчэнне інфармацыі пра падзею ў фэйсбуку – звычайны распаўсюд асабістага меркавання пра ўладу. Пакаранне за гэта – парушэнне Рэспублікай Беларусь артыкула 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе свабоду выказвання меркавання.
Паколькі ж ніякага пікета не было, то адна спроба затрымання, а затым і затрыманне за ўдзел у ім ранкам наступнага дня ў мэтах складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні з’яўляецца нічым іншым, як парушэннем Рэспублікай Беларусь ягонага права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. А гэта ўжо парушэнне Рэспублікай Беларусь артыкула 9 Пакта.

Мікалай Салянік у паведамленні таксама робіць выснову, што пераслед за распаўсюд меркавання, сачэнне ўначы з 2 на 3 ліпеня 2018 года супрацоўнікамі РАУС за яго дзеяннямі ў інтэрнэце, гвалтоўнае затрыманне ранкам пры наяўнасці магчымасці выклікаць у РАУС паштовым паведамленнем ў сукупнасці з тым фактам, што ён з’яўляецца кіраўніком  абласной структуры апазіцыйнай партыі, а Аляксандр Лаўрэнцьеў – сябрам партыі і кіраўніком абласной арганізацыі “Маладыя дэмакраты”,  з’яўляецца пераследам за палітычныя перакананні. А гэта ўжо парушэнне Рэспублікай Беларусь артыкула 2 Пакта.

Праваабаронца  са Смаргоні Алесь Дзергачоў факт звароту Мікалая Саляніка ў  ААН каментуе так:

“Проста дзіву даюся, як раённы і абласны суды у гэтай справе тлумачылі артыкул 2 Закона аб масавых мерапрыемствах. У ім  пазначана, што пікетам з’яўляецца сумесная масавая прысутнасць у грамадскім месцы з пэўнымі мэтамі. Ну якую адукацыю трэба мець, каб прыватную кватэру лічыць грамадскім месцам? І ў артыкуле гаворыцца, што гэта прысутнасць можа быць арганізавана праз інтэрнэт. То бок тут гаворка ідзе пра збор на мерапрыемства, а не яго правядзенне праз гэтую сетку. Таму я мяркую, што раённы і абласны суд проста выконвалі палітычную замову. Гэта акурат той выпадак, калі кажуць: калі руйнуецца закон, то руйнуецца і дзяржава. Улады гэтага не хочуць разумеюць.
Таму дзеянні Мікалая Саляніка лічу лагічнымі і заканамернымі. Відавочна, трэба з дапамогай міжнародных арганізацый ратаваць нашу дзяржаву –  пазбаўляцца ад з’яваў палітычнага пераследу".

 

19.02.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты