Навіны

Дык ці можна займацца праваабаронай на Гарадзеншчыне?

Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў 20-га лютага падаў надзорную скаргу на імя Старшыні Гродзенскага абласнога суда. Гэта абавязковы этап перад падачай скаргі ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, таму праваабаронца вымушаны яго скарыстаць, хоць надзеі на станоўчы вынік практычна няма. Скарга пададзена на пастанову суддзі Гродзенскага абласнога суда Валерыя Раманоўскага ад 26.12.2018 года па касацыйнай скарзе на пастанову суддзі Аляксандра Шыліна суда Свіслацкага раёна ад 23.11.2018 года па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Кажа Віктар Сазонаў:

– Камандай гарадзенскіх праваабаронцаў прынятае рашэнне прайсці ўвесь мажлівы шлях абскарджвання рашэння Свіслацкага раённага суда, які як пад кальку выносіў прысуды ўсім прысутным на ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863-64-га гадоў, якое адбывалася ў Свіслачы ў кастрычніку мінулага году. Я быў запрошаны туды як праваабаронца, каб прасачыць за дзеяннямі прысутных, і ўдзельнікаў і сілавікоў, і прааналізаваць у каго і якія былі правапарушэнні, калі такія былі ўвогуле.

Нагадаем, што ў гэты дзень у Свіслачы супрацоўнікі міліцыі нікога не папярэдзілі пра мажлівыя правапарушэнні і ўвогуле не перашкаджалі прысутным ускладваць кветкі да магіл і помнікаў беларускім нацыянальным героям і дзяліцца сваімі ўражаннямі паміж сабой. Аднак пазней на прысутных былі складзеныя пратаколы за парушэнне артыкула 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве), і Свіслацкі раённы суд павыносіў удзельнікам урачыстага мерапрыемства карныя пастановы. Праваабаронца Віктар Сазонаў таксама быў пакараны.

 

Абласны суд, куды праваабаронца падаў скаргу, стаў на бок Свіслацкага.

– Перад гарадзенскімі праваабаронцамі паўстала пытанне, ці ўвогуле на Гарадзеншчыне можна займацца праваабарончай дзейнасцю, – працягвае Віктар Сазонаў. – І дэ-факто суды, якія прыйшлося прайсці, хай сабе і не ў прамой форме, але праз свае прысуды, сведчаць што не. Таму гэтае пытанне будзе ставіцца і перад Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь, каб пасля ў міжнародных інстанцыях, куды мы абавязкова звернемся ў выпадку пройгрышу, быў больш ясны малюнак пры вынясенні свайго вердыкту.

Ну а пакуль што праваабаронцы чакаюць адказу ад старшыні Гродзенскага абласнога суда.

21.02.2019 Тэгі: Віктар Сазонаў

Відэа

праваабарончыя сайты